Як у Кобрыне супрацьстаяць нелегальнаму “гаражнаму” аўтабізнесу?

З ростам у горадзе і раёне колькасці аўтамабіляў адпаведна пашырылася сетка арганізацый і фірмаў, якія займаюцца аўтасэрвісам. Аднак не ўсе грамадзяне, якія аказваюць паслугі па рамонце аўтамабіляў, працуюць на легальнай аснове.


Прычым, як адзначаюць і ўладальнікі аўтасэрвісаў, такіх падпольных майстэрань апошнім часам з’яўляецца ўсё болей. Што не спрыяе паляпшэнню якасці паслуг і абароне правоў кліентаў; а ў апошні час звароты наконт дрэнных паслуг такіх аўтарамонтнікаў павялічваюцца. Акрамя таго, падобная дзейнасць істотна падрывае бізнес тых, хто займаецца гэтым на законных падставах і з’яўляецца добрасумленным плацельшчыкам падаткаў.

Таму, каб супрацьстаяць далейшаму пашырэнню незаконнага бізнесу, пры райвыканкаме была створана рабочая група па навядзенні парадку ў сферы аўтасэрвісу, у якую ўвайшлі прадстаўнікі падатковых, праваахоўных, іншых кантралюючых органаў. Сёння групай прымаецца шэраг канкрэтных крокаў. Так, напрыклад, у ходзе правядзення кантрольных мерапрыемстваў выяўляюцца асобы, якія здзяйсняюць незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць па аказанні паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў.

За дзесяць месяцаў бягучага года праведзена 7 такіх праверак, па выніках якіх вынесена 6 папярэджанняў аб недапушчальнасці падобнай дзейнасці. Дадзеным фізічным асобам даналічаны адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб у памеры 3,5 мільёна рублёў. Яшчэ адна асоба пастановай Гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

Трэба адзначыць, што падобныя меры, як і растлумачальныя гутаркі аб недапушчальнасці здзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі, даюць свае вынікі. Так, за апошні час трое грамадзян з 7-мі, у дачыненні якіх былі здзейснены праверкі, зарэгістравалі ва ўстаноўленым парадку сваю дзейнасць у сферы тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў і выплачваюць падаткі ў адпаведнасці з законам.

І ўсё-такі праблема застаецца пакуль актуальнай. Таму яшчэ адна мера – увядзенне адпаведнай “гарачай лініі”. Цяпер па тэл. 2-29-77 можна паведаміць аб фактах заняткаў фізічнымі асобамі прадпрымальніцкай дзейнасцю без дзяржаўнай рэгістрацыі ў сферы аўтасэрвісу, даць іншую канкрэтную інфармацыю.

І на заканчэнне хацелася б лішні раз напомніць грамадзянам: у першую чаргу мы самі павінны берагчы сваё здароўе і свае грошы. Звяртаючыся за паслугай да “нелегала”, мы становімся бездапаможнымі і не абароненымі кліентамі, інтарэсы якіх у выпадку дрэннага сэрвісу ніхто не абароніць.

Падрыхтаваў Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *