В Кобрине состоялся «сладкий» конкурс, в котором участвовали лучшие кондитеры Беларуси.

Уздымаюцца ў неба стромкія замкавыя вежы. Недзе побач узлятае дракон. А вось і  добрая чараўніца — узмахам чароўнай палачкі яна рыхтуе да сустрэчы з прыгожым прынцам Папялушку. Гэта – не вітрына крамы з дзіцячымі кніжкамі — хоць, думаецца, дзецям такое відовішча таксама вельмі спадабалася б. Гэта – рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства кандытараў, які прайшоў нядаўна на Кобрынскім хлебазаводзе.


Для таго, каб дабіцца поспеху, майстрам салодкай прафесіі патрэбна было выканаць цэлы шэраг конкурсных умоў – і прадставіць на суд журы своеасаблівае “хатняе заданне”. Але вяршыняй конкурсу быў, безумоўна, заказны торт – вагой да 15 кілаграмаў, выкананы па тэме “Казачная краіна”, пра якую, дарэчы, канкурсанты  даведаліся непасрэдна перад пачаткам работы. Прадстаўнікі хлебавытворчай галіны Рэспублікі Беларусь і кіраўнікі хлебавытворчых прадпрыемстваў пазнаёміліся  з Кобрынскім хлебазаводам у ходзе экскурсіі, якую правялі яго дырэктар Аляксандр Хамук і генеральны дырэктар РУВП “Брэстхлебпрам” Леанід Брыч, а потым сабраліся на рабочую нараду, дзе атрымалі магчымасць абмеркаваць свае прафесійныя пытанні. А майстры-кандытары прыступілі да работы — на тое, каб рэалізаваць ідэю ў салодкіх матэрыялах, канкурсантам было адведзена толькі тры гадзіны. Час праляцеў хутка – і вось яны, першыя ўражанні.

— Усё, што мы тут бачым, уся гэтая прыгажосць – лепшы доказ таго, што развіццё кандытарскай галіны ідзе бесперапынна, — дзеліцца сваімі ўражаннямі першы намеснік дырэктара Дэпартамента па хлебапрадуктах Вадзім Пабядзінскі. – Штогод з’яўляюцца новыя ідэі, на дапамогу прыходзяць новыя матэрыялы – расце і прафесійны ўзровень саміх кандытараў, якія атрымліваюць новыя веды і навыкі як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што канкурсанты выступалі ў дзвюх групах – вопытных і маладых спецыялістаў, правесці якую-небудзь трывалую мяжу паміж работамі было проста немагчыма. Ды і не ўзнікала нават такіх думак падчас агляду гатовых конкурсных работ, кожную з якіх можна было без перабольшання назваць сапраўдным цудам.

— Кандытарам асабіста я стаў таму, што з дзяцінства вельмі любіў салодкае, — усміхаецца адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў моцнага полу на конкурсе Аляксандр Маркевіч з Магілёва. – А калі сур’ёзна, то мне гэта проста падабаецца. У гэтай галіне я ўсяго 4 месяцы, але ўжо зараз працую, што называецца, “па эксклюзіву” – выконваю прадукцыю на заказ. Што ж датычыцца сённяшняга мерапрыемства, то асабіста для мяне гэта – крыніца новых ідэй, якія я калі-небудзь абавязкова ўвасоблю ў сваіх работах.

Тэхніка конкурсных тартоў, безумоўна, уражвае. Велізарная колькасць дробных дэталяў, аб’ёмныя канструкцыі, шматлікія матывы, падначаленыя адной тэме, – і тое неперадавальнае пачуццё, што людзі, якія ўсё гэта зрабілі, на самой справе любяць сваю справу, не пакідалі абыякавымі нікога. Нават кампетэнтнае журы не змагло адразу выявіць лепшых – настолькі таленавіта былі выкананы ўсе работы. Аднак у кожным конкурсе ёсць свае пераможцы – у гэты раз сярод высокакваліфікаваных кандытараў лепшай стала  Надзея Багаценка з Віцебска, а другі гран-пры – у групе маладых майстроў — дастаўся  Марыне Латышэвіч з Брэста.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *