“Вертыкаль” спаборнічала ў Лунінцы

З раніцы 20 кастрычніка ў Лунінцы адчувалася атмасфера сапраўднага свята. Менавіта гэты райцэнтр быў выбраны для правядзення XIII спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама сілавых структур Брэстчыны.


Роўнымі шарэнгамі фізкультурнікі выстраіліся  на пляцоўцы каля новага сучаснага плавальнага басейна “Дэльфін”. Вітаў гасцей і гараджан старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які адзначыў, што менавіта такія спаборніцтвы яскрава дэманструюць галоўную ўласцівасць спорту – яднанне людзей. Канстанцін Андрэевіч з задавальненнем адзначыў станоўчую дынаміку развіцця матэрыяльна-тэхнічнай спартыўнай базы вобласці. На сучасным этапе ў рэгіёне функцыянуюць 30 плавальных басейнаў, восем лядовых арэн. Важна, адзначыў Канстанцін Андрэевіч, каб гэтыя і многія іншыя спартыўныя збудаванні былі запоўнены рознаўзроставымі наведвальнікамі і балельшчыкамі, працавалі з належнай аддачай.

З удзелам губернатара Брэстчыны, старшыні Лунінецкага райвыканкама Васіля Агіевіча і начальніка ўпраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Мікалая Хевука адбылося ўрачыстае адкрыццё басейна “Дэльфін”, дзе ёсць пяць 25-метровых плавальных дарожак, дзве саўны, трэнажорная зала з імпартным інвентаром, безалкагольны кафэтэрый.

Сёлета ўдзельнікі “Вертыкалі”  спаборнічалі ў веласіпеднай эстафеце і фігурным кіраванні веласіпедам, валейболе, міні-футболе, плаванні, дартсе, шашках, шахматах, стральбе з пнеўматычных вінтоўкі і пісталета. Па традыцыі актыўна далучылася да спаборніцтваў ”Вертыкаль” каманда Кобрынскага раёна. Нашы фізкультурнікі годна праявілі сябе ў валейболе, дзе заваявалі “бронзу”. У бескампраміснай барацьбе ў гульні за выхад у фінальны тур кабрынчане ўступілі вопытнейшым спартсменам з Брэсцкага аблвыканкама.

Літаральна  некалькі сотых секунды не хапіла Валянціну Трубчыку, Ільі Жуку, Алесі Казючыц і Паўлу Адамовічу, каб заваяваць трэцяе месца ў плаванні. Годна нашы землякі выступілі і ў іншых дысцыплінах – Алег Гангала — у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, Алёна Блюднік, Валянцін Трубчык, Павел Адамовіч і Сяргей Брыштен — у веласіпеднай эстафеце, Ірына Лось — у дартсе.

Урачыстае ўзнагароджанне трыумфатараў спаборніцтваў адбылося ў мясцовым Доме культуры. З рук Канстанціна Сумара і  выканаўчага дырэктара Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці Алены Белаконенка лепшыя спартсмены атрымалі кубкі, дыпломы, медалі, а таксама каштоўныя падарункі.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: каманда кобрынскай “Вертыкалі” ў зборы; Валянцін Трубчык (нумар чатыры) на старце велаэстафеты.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *