В Кобрине побывали участники VIII Республиканского фестиваля белорусских фильмов.

У мінулую нядзелю ў чарговы раз Кобрын пераняў “эстафетную палачку” VIII Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў, які стартаваў 29 верасня ў Брэсце. У кінатэатры “Радуга” адбылася творчая сустрэча мясцовых аматараў кіно з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, асвеце, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Святланай Сухавей, артысткай тэатра студыі кінаакцёра Верай Паляковай, тэлевядучымі і артыстамі Святланай Бароўскай і Вольгай Водчыц, акцёрам Віктарам Рыбчынскім, а таксама з творчай групай беларускага часопіса “На экранах” на чале з галоўным рэдактарам Людмілай Перагудавай.


Адкрыў творчую сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Затым шмат пытанняў было накіравана ў адрас гасцей наконт іх творчых планаў, асабістага жыцця. Гледачам быў прадэманстраваны ролік з “нарэзкай” сцэн з новага беларускага тэлесерыяла “Ой, мамачкі”, галоўную ролю ў якім выканала Вера Палякова. Яна не толькі выдатная актрыса, але і спявачка. Вера літаральна “запаліла” глядзельную залу яскравымі песнямі і выдатным настроем. Святлана Бароўская ў Кобрыне адчула па-асобаму шчырую, добразычлівую атмасферу ў час сустрэчы з гледачамі. У кінатэатры адбылася прэзентацыя часопіса “На экранах”, а таксама паказ кінапрэм’еры 2012 года – лірычнай камедыі беларускага рэжысёра Мікалая Князева “Украсці Бельмандо”.

Як нам паведаміла галоўны спецыяліст аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Ала Кондак, на сёлетні рэспубліканскі кінафорум было прадстаўлена 90 фільмаў рознага кшталту, якія ствараліся на працягу апошніх двух гадоў. Многія айчынныя серыялы, мастацкія, дакументальныя, анімацыйныя і дэбютныя стужкі-ўдзельніцы кінафэсту  гледачы будуць мець магчымасць убачыць на вялікіх экранах у кінатэатрах Брэстчыны.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Святлана Бароўская, Віктар Рыбчынскі, Вольга Водчыц, Святлана Сухавей і Вера Палякова.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *