Почему кобринским бабушкам так необходим компьютер?

Згадзіцеся – на сённяшні дзень, калі навукова-тэхнічны прагрэс ідзе сямімільнымі крокамі, ужо нікога не здзіўляе шасцігадовае дзіця з ноўтбукам ці прыгожая дзяўчына з планшэтам. У сферу электронных тэхналогій перанесліся інфармацыя, банкаўскія паслугі, купля, перапіска – і многае-многае іншае. Але нягледзячы на гэта чалавек сталага ўзросту,  які дружыць з сучаснымі тэхналогіямі, як мінімум выклікае здзіўленне, а як максімум – неразуменне. Маўляў, а навошта яму ўсё гэта патрэбна – і дзе ён усяму гэтаму навучыўся?

Менавіта папулярызацыя ідэі сацыяльнай і грамадскай атыўнасці пажылых людзей, прыцягванне ўвагі да іх праблем,  рэальнай і патэнцыяльнай ролі ў жыцці грамадства сталі галоўнымі мэтамі правядзення “круглага стала” “Магчымасці дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый у прадастаўленні адукацыйных паслуг пажылым людзям: абмен вопытам і перспектывы развіцця”, які прайшоў нядаўна ў рамках тыдня пажылых людзей у Кобрынскім ліцэі сферы абслугоўвання. У мерапрыемстве, арганізаваным камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама і Кобрынскім райвыканкамам, прынялі ўдзел кіраўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Брэсцкай вобласці, спецыялісты іншых арганізацый і дзяржаўных устаноў, якія працуюць з пажылымі, і самі грамадзяне пажылога ўзросту, якія прайшлі адукацыйныя курсы па авалоданні камп’ютарнымі навыкамі.  Для апошніх, дарэчы, адначасова з “круглым сталом” праходзіў абласны конкурс “Лепшы карыстальнік персанальнага камп’ютара і інтэрнэта сярод грамадзян пажылога ўзросту”.

Як адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў конкурсу і “круглага стала”, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, вельмі прыемна, што клубы для пажылых людзей сёння працуюць рэальна, а не на паперы. Таму што кожны з нас, маладых, не павінен забываць – пройдзе час, і нам таксама будзе патрэбна такая падтрымка.

На  працягу “круглага стала” яго ўдзельнікі прадставілі свой вопыт праектнай дзейнасці з пажылымі ва ўмовах тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пазнаёміліся з вопытам грамадскіх і дзяржаўных арганізацый у гэтай сферы, прынялі ўдзел у дыскусіі “Развіццё і ўмацаванне партнёрства арганізацый, якія працуюць для пажылых людзей”. Напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя  падзяліліся сваімі ідэямі па планаванні далейшых сумесных дзеянняў па прасоўванні інтарэсаў пажылых.

А зусім побач, у камп’ютарным класе ліцэя, вынікі гэтай работы можна было назіраць, што называецца, на ўласныя вочы. Людзі сталага ўзросту, якія яшчэ некалькі гадоў таму ў большасці сваёй нават не ведалі, як уключаецца камп’ютар, спаборнічалі ў выкананні на хуткасць заданняў у праграме «Word», аперыравалі з інфармацыяй у інтэрнэце, стваралі паштовыя скрынкі. Як адзначалі самі ўдзельнікі, сучасныя электронныя тэхналогіі для іх сталі сапраўдным акном у свет – і зрабілі жыццё значна больш цікавым і разнастайным.

— Упэўнена: нам, пажылым, веданне камп’ютара патрэбна нават больш, чым маладым, — разважае канкурсантка з Брэста Наталля Раманюк. — Чаго каштуе толькі магчымасць паразмаўляць з чалавекам без уліку адлегласці – ці велізарны аб’ём інфармацыі, які адкрываецца проста з экрана. Галоўнае – не трэба баяцца цяжкасцяў, і ўсё атрымаецца.

Дарэчы, самымі спрактыкаванымі ў сферы камп’ютарных тэхналогій аказаліся нашы землякі – так, першае і другое месцы занялі адпаведна кабрынчане Сяргей Чапялевіч і Людміла Янкашук. Трэці прыз дастаўся пінчаніну Сяргею Атрошчанку, а чацвёртае месца было прысуджана Людміле Ляўчук з Маларыты. Пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. А ўсім удзельнікам конкурсу на памяць застануцца кнігі аб Кобрыне і добры настрой – як вынік так неабходнай усім нам упэўненасці ва ўласных сілах.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *