Выращивать арбузы в Кобрине — модный тренд во многих семьях.

…Здалёк здавалася, што на сельскагаспадарчым вытворчым участку СВК “Бельскі” былі раскіданы нейкія зялёныя футбольныя мячы. Чацвёрты год тут паспяхова вырошчваюць кавуны. Як нам паведамілі ў гаспадарцы, бедныя, пясчаныя землі аптымальна падыходзяць для іх. Мясцовыя аграрнікі выкарыстоўваюць высакаякаснае раянаванае насенне галандскай фірмы “Сенгента”.


У нашых кліматычных умовах для кавуноў не існуе шкоднікаў ці хвароб. Менавіта таму культура вырошчваецца без выкарыстання хімічных сродкаў. Летась на плошчы ў 10 гектараў было сабрана каля 100 тон кавуноў. Аналагічны ўраджай працаўнікі СВК “Бельскі” плануюць атрымаць і цяпер. Пры гэтым мясцовыя зялёныя волаты адрозніваюцца выдатнымі смакавымі якасцямі. З рэалізацыяй гэтай прадукцыі не ўзнікае ніякіх праблем. Так, напрыклад, у 2011 годзе львіная доля кавуноў па выгаднай цане была набыта адной з брэсцкіх фірмаў.

Як сведчыць аўтарытэтны эксперт па вырошчванні кавуноў у Беларусі аграном Мікалай Сідзюк, гэтая культура ўжо даўно перастала быць экзатычнай для Кобрыншчыны. Па апрабаваных тэхналогіях на плошчы 8 гектараў у Бельску кавуны вырошчваюць на сваіх прысядзібных участках  многія сем’і. Гэта расліна выдатна сябе адчувае нават у засушлівы перыяд, калі немагчыма вырасціць іншыя сельгаскультуры.

Прынамсі, добрыя ўраджаі кавуноў атрымліваюць і гараджане. Пенсіянер з Кобрына Яўген Кіцель дзякуючы кансультацыям і практычнай дапамозе Мікалая Сідзюка трэці год вырошчвае іх на адкрытым грунце, непасрэдна каля свайго дома. Гаспадар не скардзіцца на дрэнную ўраджайнасць. Вялікія зялёныя прыгажуны  сталі ў сям’і Яўгена Іванавіча жаданым летнім дэсертам.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: аграном Мікалай Сідзюк разам з Яўгенам Кіцелем трымаюць кавун, вырашчаны ў гарадскіх умовах.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *