В Кобрине открылся образовательный курс «Школа здоровья».

Здароўе – адна з тых каштоўнасцяў, цаніць якія мы часта  пачынаем толькі пасля таго, як страцім. Асабліва актуальнай гэтая праблема з’яўляецца ў сталым узросце, калі чалавек, як вядома, становіцца  больш схільным да разнастайных захворванняў. Кобрынскім ТЦСАН у рамках праекта “Tollas», адной з мэт якога з’яўляецца папулярызацыя ідэі адукацыйнай і сацыяльнай актыўнасці людзей у любым узросце, для пажылых людзей быў арганізаваны адукацыйны курс “Школа здароўя”. Тэмай чарговага занятку стала першая дапамога ў экстранных выпадках. У сустрэчы прынялі ўдзел урач-валеолаг Кобрынскай ЦРБ Святлана Васільева, урач станцыі “хуткай дапамогі” Уладзімір Валасевіч і пажылыя людзі Кобрыншчыны. Прыняў запрашэнне на мерапрыемства і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля.

Як адзначыў Аляксандр Іванавіч, праблемы людзей сталага ўзросту для яго заўсёды былі і будуць у цэнтры ўвагі. Не сакрэт, што менавіта старэйшае пакаленне сёння адрозніваецца вельмі высокім узроўнем сацыяльнай актыўнасці, і пераацаніць ролю яго жыццёвага вопыту ў развіцці сучаснага грамадства проста немагчыма. Карыстаючыся выпадкам, усе прысутныя атрымалі магчымасць задаць дэпутату хвалюючыя іх пытанні, кожнае з якіх ён выслухаў з вялікай увагай. Аляксандр Зазуля пажадаў усім гасцям і далей захоўваць высокі ўзровень жыццёвай энергіі і, зразумела, здароўя, якое і стала лейтматывам гэтага мерапрыемства.

На працягу занятку ўсе яго ўдзельнікі выказалі вялікую зацікаўленасць інфармацыяй, якую падрыхтавалі для іх медыкі. Прынамсі, прысутныя даведаліся аб ядавітых раслінах, якія можна сустрэць на тэрыторыі нашай краіны, аб тым, як яны ўздзейнічаюць на арганізм чалавека, і што трэба рабіць, калі з імі сутыкаешся. Напрыклад, у апошні час набірае абароты колькасць зваротаў за медыцынскай дапамогай пры кантактах з такой раслінай, як баршчэўнік. Таксама ўдзельнікам расказалі пра першую дапамогу пры ўкусах насякомых і змей, што рабіць пры атручванні грыбамі, а таксама раздалі наглядную інфармацыю.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы сапраўднага дыялогу.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *