Як апрануць школьніка і сэканоміць?

Школьнікі яшчэ радуюцца апошнім летнім дням, бацькі ж займаюцца падрыхтоўкай дзяцей да школы.

— Выдатную магчымасць сэканоміць прапануюць сёлета магазіны раённага спажывецкага таварыства і ААТ “Універмаг “Кобрын”. Сёлета да школьнага сезона гандлёвыя прадпрыемствы прапануюць  шэраг скідак для шматдзетных сем’яў, сем’яў з дзецьмі-інвалідамі і г. д. Гэта скідкі ад 5 да 15 працэнтаў, у залежнасці ад тавару, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг Кобрынскага райвыканкама Ірына Драздова.


Кобрынскае раённае спажывецкае таварыства, напрыклад, праводзіць некалькі сацыяльных акцый скідак для сваіх пакупнікоў.

— Гэта акцыя для шматдзетных сем’яў “З любоўю да дзяцей”. Сем’і, у якіх трое ці больш дзяцей, могуць набыць канцылярскія тавары са скідкай 5 працэнтаў, ранцы — 10%, адзенне і абутак — 15%. Паслуга папулярная, асабліва ў сельскай мясцовасці, — расказвае таваравед па прамысловай групе тавараў Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства Марына Панікарчук. — Да нас звярнулася ўжо не адна шматдзетная сям’я. Схема простая: прыходзіш у магазін, выбіраеш усё неабходнае, а на касе прад’яўляеш пасведчанне шматдзетнай сям’і. Скідкі дзейнічаюць у магазінах “Прамтавары” ў Дзівіне,  вв. Астромічы, Павіцце і Пескі. У выніку на школьным касцюме беларускіх вытворцаў можна сэканоміць ад 45 да 70 тысяч рублёў, на абутку і школьным ранцы — ад 30 тысяч, на канцылярскіх таварах — ад 20 да 30 тысяч рублёў.

Усе скідкі раённага спажывецкага таварыства будуць дзейнічаць да 10 верасня.

Не адстае і ААТ “Універмаг “Кобрын”. Тут можна набыць тавары беларускіх вытворцаў са скідкай 10% для шматдзетных сем’яў. Пры неабходнасці ва ўнівермагу можна набыць тавары ў крэдыт на тры месяцы пад 40% гадавых.

—  Мы афармляем крэдыт на суму ад мільёна рублёў, — расказвае  загадчыца гандлёвага цэнтра “Універмаг” ААТ “Універмаг “Кобрын” Дзіна Малашук. — Пры гэтым пакупнік павінен аплаціць не менш за 25% ад кошту пакупкі. Крэдыт даем на ўсё: канцылярыю, ранцы, абутак і адзенне. Паслуга вельмі папулярная, таму што сабраць у школу некалькі дзяцей адначасова досыць накладна. І мы заўжды ідзем насустрач такім людзям. На жаль, у беспрацэнтную растэрміноўку сёлета школьныя тавары не прадастаўляем, таму што з мінулага года ў нас засталося шмат даўжнікоў.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *