Кобринчане приняли участие в фестивальном марафоне в Польше

Напрыканцы ліпеня з пятым візітам Бельск-Падляскі наведалі фальклорныя калектывы з Навасёлак, Верхалесся, Лелікава, Дзівіна, Акцябра і Бельска.

Першы фестываль — 9-ты Падляска-Палескі фестываль “Там па маёвай расе”, пра які мы пісалі неаднаразова, праходзіў з мая па канец чэрвеня. Кабрынчане прывозілі сюды юр’еўскія, троіцкія і мікольскія абрады.

Другі фестываль — Восьмыя жніўныя сустрэчы “Алень па бары ходзіць” — цягнуўся ўвесь ліпень. На зажынкі і дажынкі палякі ізноў запрасілі кабрынчан.

Распачынаць жніво ў Польшчу паехаў калектыў Балоцкага СДК. З сярпамі і спевамі восем удзельніц хору разам з польскімі калегамі адправіліся ў поле. Тут іх благаславіў святар царквы вёскі Гарадзіска. Жанчыны зжалі першыя снапы пад зажыначныя песні і склалі іх у вялікую “бабку”. Ну, а потым польскія гледачы змаглі паслухаць святочную праграму з 40 песень,  большасць з якіх балоцкія артысты сабралі ў найстарэйшых жыхароў вёскі. Такія ж канцэрты ў два наступныя дні ўбачылі і жыхары пяці іншых польскіх вёсак.

— Акрамя свайго традыцыйнага балоцкага фальклору, мы выконвалі народныя беларускія песні, — расказваюць удзельнікі хору. — І самае дзіўнае, што многія песні палякі ведаюць. Напрыклад, “Чым я не гаспадыня”, “Як касіў Якім грэчку” і г. д. Гледачы разумелі іх і нават падпявалі. А яшчэ палякі вельмі гасцінна нас прымалі: у кожнай з вёсак быў накрыты стол з разнастайнымі стравамі. Асабліва вытанчанай была выпечка.

Дажыначныя песні на заключны канцэрт, які праходзіў у апошнія выхадныя ліпеня, павезлі адразу некалькі калектываў нашага раёна – з Навасёлак, Верхалесся, Лелікава, Дзівіна, Акцябра і Бельска.

— Нашы жанчыны дажалі апошнюю палоску поля ў вёсцы Студзіводы, спяваючы традыцыйныя для Кобрынскага раёна песні, — расказвае дырэктар метадычнага цэнтра Кобрынскага райвыканкама Вольга П’янцава. — Таксама калектывам давялося пабыць на 100-гадовым юбілеі праваслаўнай царквы ў вёсцы Такары. У гэты дзень тут таксама святкавалі і 160-годдзе з моманту паяўлення Божай Маці. З нагоды такой падзеі наша каравайніца Марыя Кірылюк уручыла спечаны каравай мітрапаліту Варшаўскаму Саве.

Артысты таксама паглядзелі музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах і закрылі экспазіцыю традыцыйных строяў Кобрыншчыны, якая дзейнічала на працягу трох месяцаў. На развітанне кабрынчане далі яшчэ некалькі канцэртаў.

Па выніках фестываляў арганізатары запішуць дыск з усімі песнямі, якія тут прагучалі. А гэта былі і драгічынскія, і лунінецкія і іншыя фальклорныя выканаўцы Брэсцкай вобласці. Увойдуць у музычны зборнік і песні кобрынскіх калектываў.

Настасся ЗАНЬКО.

Фота з архіва аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *