Кобрин посетила делегация из Санкт-Петербурга

Дарогамі баявой славы

Не так даўно адміністрацыя Чырвонагвардзейскага раёна Санкт-Пецярбурга запрашала прадстаўнікоў кобрынскага ветэранскага руху на ўрачыстую цырымонію ўскладання вянкоў на Піскароўскіх могілках. А ў мінулую нядзелю ўжо Кобрыншчына прымала гасцей – горад наведала дэлегацыя ў складзе супрацоўнікаў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Санкт-Пецярбурга, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў блакаднага Ленінграда, вязняў канцэнтрацыйных лагераў і прадстаўнікоў піцерскай моладзі.

— Адна з галоўных задач нашай паездкі, безумоўна, — выхаванне моладзі, — расказвае галоўны спецыяліст аргаддзела адміністрацыі Цэнтральнага раёна Санкт-Пецярбурга Алена Мітрафанава. —  Вельмі добра, што праводзяцца такія сустрэчы: на свае вочы ўбачыць месцы гістарычных падзей, пагаварыць з іх удзельнікамі — для моладзі лепш за любыя падручнікі. У Кобрын мы прыехалі пасля візіту ў Брэсцкую крэпасць. Трэба адзначыць, што ўражанні ўсе атрымалі проста неперадавальныя, і, здавалася, што перад вачамі пранеслася ўся гісторыя. Наведалі мы і вашу цудоўную Белавежскую пушчу. Наступным нашым прыпынкам стане горад Пінск. Што ж датычыцца Кобрыншчыны, ды і ўсёй Брэстчыны ўвогуле, то хацелася б з вялікім задавальненнем адзначыць проста незвычайную чысціню і парадак, што выклікаюць самае шчырае здзіўленне і вялікую павагу да людзей, якія з такой любоўю ставяцца да сваёй зямлі.

Невялікую экскурсію па Кобрыншчыне госці пачалі з райвыканкама, дзе старшыня Кобрынскага раённага савета ветэранаў Уладзімір Кузіч пазнаёміў з гісторыяй і сучаснасцю рэгіёна. Гасцей цікавіла ўсё – ад гісторыі назвы горада да сучаснага развіцця гаспадарчай і сацыяльнай інфраструктуры. Цікавы экскурс у гісторыю працягваўся ў музеі імя А.В. Суворава, прадстаўнікі малодшага пакалення на прыкладзе СШ №7 пазнаёміліся з умовамі кобрынскай школьнай адукацыі. Разам з кабрынчанамі піцерцы ўсклалі вянкі да помніка ў скверы Марозава, а заключным акордам сустрэчы стаў канцэрт хору ветэранаў, які прайшоў у Палацы культуры.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *