16 школ Кобринщины претендуют на статус «зелёных»

Менавіта столькі школ Кобрыншчыны пажадалі атрымаць статус «зялёныя», адзначыла спецыяліст па адукацыі праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» Ірына Клявец.

Паводле слоў Ірыны Рамуальдаўны, на атрыманне сертыфікатаў прэтэндуюць сем школ, сярод якіх Мінянская, Шамятоўская, Хідрынская, Верхалеская, СШ №9 г. Кобрына і іншыя.

— Да праграмы «Зялёныя школы» мы далучыліся яшчэ два гады таму, а цяпер вырашылі падаць дакументы на сертыфікат. Фактычна наша школа была адной з першых у раёне, хто паспрабаваў сябе ў праекце. Мы пачалі ўдзельнічаць у семінарах і трэнінгах, атрымалі абсталяванне — біноклі, сачкі, лупы і тэлескоп, а таксама метадычную літаратуру. У мінулым і пазамінулым гадах правялі маніторынг па цеплавой, электрычнай энергіі і па вадзе. У гэты ж час пачаўся пастаянны факультатыў “Энергазберажэнне». А вось сёлета збіраемся правесці аўдыт выкарыстання смецця ў нашай школе, — расказвае дырэктар Мінянскай сярэдняй школы Галіна Молчан.

Для таго, каб школа атрымала статус «зялёнай», яна павінна актыўна працаваць па пяці вызначаных накірунках — «Біяразнастайнасць на прышкольнай тэрыторыі», «Энергетыка», «Вада», «Адходы» і «Мясцовая супольнасць» (усяго 30 заданняў).

Напрыклад, у раздзеле «Біяразнастайнасць» школьнікам прапаноўваецца  навучыцца вызначаць віды кветак, назіраць за насякомымі, жывёламі і птушкамі. Яны таксама могуць ствараць штучныя азёры, кармушкі і гнёзды для птушак, лятучых мышэй, дапамагаць вожыкам і г. д.

У раздзелах «Вада» і «Электраэнергія» вучні разам з настаўнікамі праводзяць аўдыт выкарыстання гэтых рэсурсаў у школе, потым ствараюць план па іх эканоміі і праводзяць кантрольны аналіз мер эканоміі. Практычна па той жа схеме ідзе работа і з адходамі. Самі школьнікі прапаноўваюць варыянты, як зменшыць колькасць смецця ў сваёй школе.  А вось накірунак «Мясцовая супольнасць»  прапаноўвае стварэнне разнастайных экалагічных фестываляў і конкурсаў, правядзенне акцый не толькі ў межах школы, але і ў сваім населеным пункце.

Для атрымання двухгадовага сертыфіката трэцяй ступені патрэбна выканаць не менш як 10 заданняў з усіх пяці раздзелаў, другой ступені — 17 і першай — 25 заданняў. Сертыфікат даецца на тэрмін два гады. Пасля яго патрэбна пацвярджаць.

— Праект «Зялёныя школы», які падтрымліваецца і Міністэрствам адукацыі, і Міністэрствам аховы прыроды Рэспублікі Беларусь, ахоплівае 40 тысяч школ у 46 краінах свету. Ён дае магчымасць сістэматызаваць і мадэрнізаваць усю тую экалагічную работу, якая вялася ў школах, абменьвацца напрацоўкамі і доследам з усім светам, — адзначае метадыст упраўлення адукацыі Кобрынскага райвыканкама Вера Літвінюк. — І, як паказвае практыка, праект падабаецца і дзецям, і дарослым.

Падаць заяўку на ўдзел у праграме «Зялёныя школы» можна ў любы час.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

допорогові суми про держзакупівлі.онлайн