Кобрин отметил 725-летие

Дзень першы

Пачалося свята з урачыстых хвілін: шэсця і жалобнага цырыманіялу ў скверы імя А.І. Марозава, прысвечанага ўсім, хто на працягу стагоддзяў і ў час Вялікай Айчыннай вайны абараняў нашу Радзіму. Адбылося ўскладанне вянкоў у іх памяць.

А потым Дзень горада завіраваў, закружыў, ветліва стаў запрашаць на шматлікія  мерапрыемствы. Цэнтральная плошча і вуліцы, кавярні і адкрытыя пляцоўкі поўніліся вясёлымі ўсмешкамі, гаманой, радасцю прыемных сустрэч. У час, калі па ўсёй вуліцы Суворава разварочваўся “Кобрынскі кірмаш” са сваімі гандлёвымі радамі, выставай-продажам прадукцыі мерапрыемстваў горада, этнагарафічнымі падворкамі сельскіх Саветаў, узорамі майстэрства рамеснікаў, у ваенна-гістарычным музеі ладзілася міжнародная навуковая канферэнцыя “Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Беларусі”, прысвечаная 200-годдзю Кобрынскага бою, а ў парку культуры і адпачынку дарослыя і дзятва маглі знайсці пацеху на любы густ.

Але асабліва вялікую колькасць публікі сабрала тэатралізаванае шэсце “З днём нараджэння, Кобрын мой родны!”. Наперадзе, у карэце, ехалі, вітаючы кабрынчан, гістарычныя персанажы – Князь і Княгіня, за імі рухаліся рыцары ў даспехах, гарцавалі коннікі, ішлі ветэраны, кіраўніцтва горада, дзіцячыя, працоўныя і творчыя калектывы. Ужо ў парку, у час урачыстага адкрыцця святкавання 725-годдзя Кобрына, з рук кобрынскіх дзяўчат-прыгажунь хлеб-соль з удзячнасцю прыняў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, які сардэчна павітаў гараджан і гасцей, адзначыўшы багацце і гасціннасць кобрынскай зямлі, працавітасць яе людзей. Шмат добрых слоў, бачанне рээлій і перспектыў развіцця Кобрыншчыны прагучала і з вуснаў старшыні Кобрынскага райвыканкама Мікалая Кенды, які, віншуючы ўсіх са святам, уручыў памятныя падарункі лепшым працаўнікам горада і сяла.

Пасля ўрачыстай часткі парк запаланілі гукі калейдаскапічнага гала-канцэрта, у якім бралі ўдзел вядомыя беларускія артысты, у тым ліку і нашы землякі Вольга Сацюк, Вера Ярошык і іншыя. А феерычным акордам першага дня свята горада стала надзвычай яркае відовішча – непаўторны і шматколерны феерверк.

На другі дзень свята Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала для ўсіх гасцей шэраг цікавых мерапрыемстваў. Карысталіся папулярнасцю кніжныя выставы, дзеці з захапленнем удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў на асфальце. А побач усе жадаючыя проста на вуліцы  мелі магчымасць атрымаць асалоду ад творчасці клуба “Сустрэча”. Аб праграме, якую падрыхтавала да свята бібліятэка, нам расказала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ларыса Цвяткова.

— Наша праграма прысвечана не толькі 725-годдзю Кобрына, але і Году кнігі. Менавіта таму сёння мы вынеслі на вуліцу ўсе нашы кніжныя выставы, каб людзі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з усім тым, што прапаноўвае наша бібліятэка.

Наступным прыпынкам нашага святочнага маршруту стаў парк імя А.В. Суворава, дзе і праходзіла вялікая частка святочных мерапрыемстваў. А вось і першы цікавы сюрпрыз – выстава рарытэтнай тэхнікі, якая размясцілася на вуліцы Гастэлы. Рэтра-аўтамабілі, некаторыя з якіх былі выпушчаны яшчэ ў даваенны час, адразу ж прыцягнулі ўвагу многіх кабрынчан. Напрыклад, вось гэтая “БМВ-316” была выпушчана ў 1936-м годзе. І сёння, нягледзячы на ўзрост, працягвае ездзіць  і здзіўляць сваім выглядам.

— Аўтамабіль мне дастаўся ад дзеда, — расказвае яе гаспадар кабрынчанін Якаў Кавалюк. – У час пакупкі машына літаральна стаяла пад агароджай у разабраным стане. Дзед яе аднавіў, давёў да ладу – і даволі доўга ездзіў па разнастайных патрэбах. Зараз дасталася мне і, шчыра прызнаюся, прадаваць яе не збіраюся.

Увогуле, парк імя Суворава стаў сапраўдным эпіцэнтрам святочнага настрою. Свае вырабы прапанавалі майстры народнай творчасці, у амфітэатры на працягу ўсяго дня прыцягвалі гледачоў разнастайныя канцэрты, у якіх выступалі як зусім яшчэ маленькія артысты, так і сапраўдныя “зоркі”, напрыклад, Саша Нэма, чый канцэрт кабрынчане ўбачылі вечарам. Каля бюста А.В. Сувораву гучалі бардаўскія песні, якія крыху пазней змянілі маладыя кобрынскія  выканаўцы  рэпу. Зусім  побач, каля ратонды,  людзей больш сталага ўзросту сабраў касцёр памяці з самай сапраўднай салдацкай паходнай кухняй і франтавой брыгадай у складзе артыстаў Навасёлкаўскага Дома культуры.


Не засталіся ў баку і аматары спорту. Іх увазе прапанаваліся адразу два футбольныя матчы, якія прайшлі на стадыёне “Юнацтва”. У першым гулялі ветэраны кобрынскага футбола, якія сустракаліся з камандай ветэранаў з Украіны. Матч закончыўся ўнічыю – 4:4. А крыху пазней прайшла яшчэ адна цікавая гульня – 1/4 фіналу на Кубак губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара, у якім кабрынчане сустракаліся з камандай горада Баранавічы. Нічыйны зыход матча (2:2) дазволіў кобрынскім футбалістам трапіць у паўфінал турніру.

Якое ж свята без святочнага стала? У дні мерапрыемстваў над гэтым працаваў цэлы шэраг арганізацый, якім удалося стварыць на вуліцах горада сапраўднае свята. На вуліцы Суворава кожны жадаючы мог з асалодай пакаштаваць самыя разнастайныя прысмакі. Свае вырабы кабрынчанам і гасцям горада прапанавалі ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”, Кобрынскае райспажыўтаварыства, ААТ “Кобрын-сэрвіс” і іншыя.

Аднак любое масавае мерапрыемства – гэта яшчэ і вялікая работа ў сферы аховы правапарадку. Менавіта ад яе якасці ў многім залежыць добры настрой усіх гасцей. Ацаніць гэтую работу мы папрасілі намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўніка міліцыі Аляксандра Кавалевіча.

— Шчыра кажучы, у мяне заўсёды самыя добрыя ўражанні і ад Кобрына, і ад кабрынчан. Што ж датычыцца работы супрацоўнікаў Кобрынскага РАУС, то тут мы бачым прыклад таго, калі відаць вынік — і пры гэтым практычна не відаць саміх супрацоўнікаў міліцыі. Яны не турбуюць грамадзян – і пры гэтым кантралююць аператыўную абстаноўку. Цудоўны настрой жыхароў, парадак у парку, парадак на вуліцах, парадак у час масавых мерапрыемстваў – гэта тое, што адзначаюць усе грамадзяне, і тое, да чаго трэба імкнуцца.

Ігар Сідарук,  Дзмітрый БЯЛОЎ.

фота аўтараў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *