Кобринский маслосырзавод стал лауреатом областного конкурса в сфере экономии и бережливости.

Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод нядаўна атрымаў Дыплом лаўрэата абласнога конкурсу на лепшыя вынікі ў сферы эканоміі і беражлівасці. Якім чынам дасягнуты поспех?

— Безумоўна, адна з галоўных сфер расходаў любога прадпрыемства – гэта расходы на энерганосьбіты, — расказвае галоўны інжынер ААТ “Кобрынскі МСЗ” Мікалай Токар. – Таму ўзнікае неабходнасць замены абсталявання на больш эканамічнае. Сярод набытага абсталявання важнае месца займае новы кацёл LOOS Universal ULS, які зэканоміў 176 тон умоўнага паліва. Вялікую ролю адыгрывае і газавы цеплагенератар на сушылцы, і замена сеткавай помпы ў кацельні. Розніцу ў 128 тон умоўнага паліва дае замена ёмістага воданагравальніка на сістэмны цеплавы блок гарачага водазабеспячэння. У прыватнасці, на заводзе было закуплена новага абсталявання на 3 мільярды рублёў – толькі за мінулы год гэта дало магчымасць зэканоміць каля 1 мільярда 600 мільёнаў рублёў. Як бачым, укладанні сур’ёзныя – але гэта тыя затраты, якія працуюць і акупаюцца.

Дарэчы, новы кацёл патрабуе і чыстай вады – усялякі накіп тут абсалютна недапушчальны. Менавіта таму вада праходзіць некалькі ступеняў ачысткі – і ад утрымання газаў, і нават на малекулярным узроўні. Затое і КПД у выніку дасягае 95%, а значыць, зноў-такі памяншаюцца страты.

Аднак граматна арганізаваная эканомія – гэта не толькі новае абсталяванне. Яна складаецца з многіх фактараў, да якіх можна аднесці і практычна безадыходную перапрацоўку малака, і цеплавую рэабілітацыю будынкаў, і… чалавечы фактар, які таксама мае вельмі вялікае значэнне.

— Шчыра кажучы, затраты на энерганосьбіты можна знізіць і без закупкі новых энергазберагаючых агрэгатаў, — расказвае галоўны энергетык завода Мікалай Самасюк. – Значны эфект дае рацыянальнае выкарыстанне вытворчых магутнасцей,  у прыватнасці, загружанасць абсталявання. Так, чым больш машыны працуюць з поўнай нагрузкай, тым менш энергіі мы затрачваем на ўключэнні і разагрэў. Граматны спецыяліст ведае, як арганізаваць вытворчы працэс з максімальнай эфектыўнасцю, калі што ўключыць, калі выключыць. І тут мы прыходзім да другога фактару, які дазваляе эканоміць, – да прафесіяналізму супрацоўнікаў.

Дадатковых стымулаў працаваць у гэтым плане старанна і шчыра, як адзначае галоўны інжынер Мікалай Токар, не трэба і шукаць. Зацікаўлены ў эканоміі ўсе — калі прадпрыемства выконвае заданні па энергазберажэнні, а ў выніку застаюцца грошы і паляпшаецца фінансавае становішча завода – матэрыяльнае заахвочванне ў тым ці іншым выглядзе атрымліваюць усе супрацоўнікі. А ўласны заробак, як вядома – адзін з лепшых спосабаў матывацыі. Так што пераконваць у неабходнасці эканоміі і ашчаднасці на Кобрынскім масларобча-сыраробчым заводзе нікому не трэба – усе гэта разумеюць і так. І вынікі ўражваюць – пры заданні ў 8% за мінулы год тут зэканомілі 12,2.

Дарэчы, мадэрнізацыя абсталявання ў бок эканоміі на прадпрыемстве не заканчваецца. Ужо ў гэтым годзе плануецца ажыццявіць яшчэ адно маштабнае новаўвядзенне коштам каля 12 мільярдаў рублёў – устанавіць пласцінчатыя цеплаабменнікі ў кампрэсарным цэху – там, дзе ідзе вытворчасць ледзяной вады. Зараз тут стаяць даволі энергаёмістыя панельныя выпарвацелі. Навінка дазволіць не толькі ў 6 разоў зменшыць колькасць аміяку, які нягледзячы на тое, што з’яўляецца неабходным для тэхналагічнага працэсу, усё ж такі сам сабою уяўляе даволі небяспечнае рэчыва, але і вывесці эканомію энергарэсурсаў на новы ўзровень.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *