Константин Сумар: «В Кобринском районе реконструкция молочно-товарных ферм проводится своевременно».

У снежні было прынята рашэнне Брэсцкага аблвыканкама №1281, у якім прадугледжаны комплекс мер па рэканструкцыі і капітальным рамонце малочнатаварных фермаў у рэгіёнах на 2012 год. Ход гэтых работ на Брэстчыне інспектуе асабіста старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. У рабочым плане губернатара значацца візіты ў гаспадаркі кожнага раёна вобласці, у працэсе якіх ажыццяўляюцца маніторынг якасці рэканструкцыйных і будаўнічых работ, кантроль выканання афіцыйна зацверджаных графікаў. У мінулы аўторак Канстанцін Андрэевіч з аналагічнай місіяй наведаў і Кобрыншчыну.


У час раённай нарады з удзелам прадстаўнікоў  аблвыканкама, старшынь райвыканкамаў Брэстчыны губернатар пабываў на будаўнічых пляцоўках СВК “Каралеўскі”, “Навасёлкаўскі”, “Вербнае”,  ААТ “Гарадзец-агра” і “Стрыгава”. Старшыня райвыканкама Мікалай Кенда паведаміў, што перад мясцовымі аграрнікамі стаіць адказная задача – сёлета закончыць усе неабходныя работы на 20 малочнатаварных фермах, а тры аб’екты (СВУ “Мінянка” ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс”, ААТ “Астромічы” і КСУП “Племзавод “Дружба”) узводзяцца, як кажуць, “з нуля”.  Фінансаванне кампаніі па будаўніцтве і рэканструкцыі МТФ ажыццяўляецца за кошт абаротных сродкаў гаспадарак. Надзейную падтрымку ў гэтай справе аказвае і аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне, якое ў неабходных аб’ёмах выдзяляе крэдытныя рэсурсы.

Новыя фермы, адзначыў Мікалай Кенда, рэканструюцца з улікам патрабаванняў сучаснасці. Так, напрыклад, у МТФ закрытага цыкла СВК “Каралеўскі” і ААТ “Гарадзец-агра”, разлічаных на 800 і 700 галоў дойнага статка адпаведна, будзе ўстаноўлена новае даільнае абсталяванне ізраільскай і нямецкай вытворчасці. Камфортна на рабочых месцах будзе сябе адчуваць і персанал гэтых аб’ектаў, для патрэб якога ўладкоўваецца ўся неабходная інфраструктура.

У працэсе маніторынгу Канстанцін Сумар засяродзіў увагу  на важным пытанні эканоміі грашовых сродкаў у працэсе рэканструкцыі. Увазе губернатара былі прадстаўлены МТФ СВК “Навасёлкаўскі” і “Вербнае”, дзе ў якасці эксперыменту супрацоўнікі ААТ “Будтрэст №33” вырашылі накрыць памяшканні кароўнікаў не звычайным шыферам, а спецыяльнымі тэнтамі, нацягнутымі на металічны каркас. Такія тэхналогіі больш танныя. Дарэчы, неабходны матэрыял для гэтых мерапрыемстваў пастаўляецца непасрэдна з мясцовых прадпрыемстваў — прадзільна-ткацкай фабрыкі “Ручайка” і Грушаўскага РМЗ.

У час інтэрв’ю “КВ” Канстанцін Сумар даў пазітыўную ацэнку намаганням выканаўчай улады і кіраўнікоў гаспадарак раёна.

— Работы па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў  Кобрыншчыны вядуцца якасна і своечасова, паводле зацверджаных планаў. Хочацца спадзявацца, што пасля заканчэння гэтай кампаніі Кобрыншчына атрымае сучасныя  аб’екты, якія будуць станоўча ўплываць на аб’ёмы і якасць сельскагаспадарчай прадукцыі, — адзначыў губернатар.

Разам з тым Канстанцін Сумар звярнуў увагу аграрнікаў на дакладнае выкананне ўсіх тэхналагчіных працэсаў як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве, бездакорнае выкананне патрабаванняў нарматываў аховы працы, важнасць нарыхтоўкі ў дастатковых аб’ёмах зялёных кармоў.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Канстанцін Сумар разам з Мікалаем Кендай у час наведвання СВК «Каралеўскі».

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *