Известные кавээнщики Беларуси выступили на кобринской сцене.

У мінулую нядзелю ў амфітэатры парку імя А.В. Суворава адбыўся другі летні кубак адкрытай Кобрынскай лігі КВЗ. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі РК ГА “БРСМ” і раённая кінавідэасетка.

Амаль усе трыбуны амфітэатра былі запоўнены. Аматары сатыры і гумару бурнымі апладысментамі віталі ўдзельнікаў – каманды “Галівуд” (Кобрын), “Вінс” (Бяроза), “Сёмае пачуццё” (Іванава), “Валерый Сюткін”, “Уолт Дысней” і “Мініяцюрная зборная” з Мінска, а таксама  жаночы калектыў “Ад бядра” з Гродна. Журы ўзначальваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля.

Свае хатнія нарыхтоўкі і імправізацыі ўдзельнікі дэманстравалі  ў трох класічных конкурсах – “Размінцы”, “Візітцы” і ”Біятлоне”.

Як высветлілася ў працэсе гульні, каб годна змагацца за лідарства, зусім не абавязкова быць дарослым ці мець цэлую “армію” кавэзэшнікаў. Гэта даказалі самыя юныя ўдзельнікі з каманды “Вінс”, а таксама “Мініяцюрная зборная”, у склад якой увайшлі… усяго два чалавекі!

Гледачы не шкадавалі апладысментаў. Асабліва ім запомніліся мініяцюры “Два камары”, “Мажорны дзіцячы садок”, “Выпадак у сям’і Мендзялеева”, “Цэнтралізаванае тэсціраванне”, “Бландзінка ў басейне” і інш.

Час гульні праляцеў непрыметна. І вось журы абвясціла вынікі. Трэцяе месца заняла “Мініяцюрная зборная”, на другім — “Валерый Сюткін”, а перамагла каманда “Уолт Дысней” на чале з капітанам Кірылам Алахвярдзянам. Ён шчыра падзякаваў за цёплы прыём арганізатарам КВЗ і гледачам.

Добрыя пажаданні ў адрас усіх кавэзэшнікаў выказаў Аляксандр Зазуля, які падкрэсліў, што Клуб вясёлых і знаходлівых у нашым горадзе павінен развівацца і далей, прыцягваць у свае рады яшчэ больш маладых талентаў.

Каманда “Уолт Дысней” з рук першага сакратара РК ГА “БРСМ” Людмілы Чырун атрымала дыплом і галоўны трафей адкрытай лігі КВЗ  — залацісты кубак.  Таксама былі аб’яўлены лепшыя ігракі гульні ў розных намінацыях, якія заахвочаны падарункамі.

Як нам паведаміла Людміла Чырун, у ліпені плануецца арганізаваць чарговую гульню сярод мясцовых кавэзэшнікаў.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы гульні – каманда “Уолт Дысней”

з нязменным вядучым кобрынскага КВЗ Алегам Калбасюком (злева).

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *