В Кобрине отметили День охраны труда.

Рэалізацыя правоў грамадзян на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы з’яўляецца адной з найважнейшых задач сацыяльна арыентаванай палітыкі нашай краіны. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны чарговы раённы дзень аховы працы, які ў мінулы  аўторак праводзіўся на Кобрыншчыне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, старшыня Брэсцкага абласнога  аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай,  кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама, мясцовых гарадскіх і сельгаспрадпрыемстваў і інш.

Аналізуючы стан спраў у сферы аховы працы на Кобрыншчыне, першы намеснік старшыні райвыканкама Алег Гангала паведаміў, што за пяць месяцаў бягучага года на вытворчасці пацярпелі чатыры чалавекі, тры з якіх атрымалі цяжкія траўмы. За аналагічны перыяд мінулага года было зафіксавана дзевяць няшчасных выпадкаў. І прычына гэтых здарэнняў  банальная – недастатковыя арганізацыя працы работнікаў і ўзровень працоўнай дысцыпліны на месцах.

Мабільная група спецыялістаў, якая створана пры райвыканкаме, рэгулярна наведвае прадпрыемствы і ўстановы Кобрыншчыны. Ажыццяўляецца комплексная інфармацыйна-прававая работа, праводзіцца маніторынг стану спраў, якія тычацца пытанняў аховы працы.  Сёлета было праведзена 16 такіх праверак, у выніку якіх  выяўлены 203 парушэнні рознага кшталту. На вялікі жаль, па-ранейшаму трывожнай застаецца сітуацыя з паяўленнем на вытворчасці работнікаў у нецвярозым стане. За 2011 год было зафіксавана 463 выпадкі, з якіх 280 – у сельскагаспадарчай сферы.

У раёне распрацавана і дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма мерапрыемстваў па паляпшэнні ўзроўню аховы працы на 2011-2015 гады. У першым квартале  бягучага года на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэнне шкодных і небяспечных вытворчых фактараў прадпрыемствамі было зрасходавана 51 млрд. 879  млн. рублёў, што складае 35% ад сумы, якая была запланавана на 2012 год. Летась у адпаведнасці з патрабаваннямі гігіенічных нарматываў былі пераабсталяваны 972 працоўныя месцы.

Як справядліва адзначыў Мікалай Кенда, работа ў сферы аховы працы павінна будавацца перш за ўсё на сумесных  намаганнях кіраўнікоў і прафсаюзных лідараў. Пры гэтым важна не дапусціць фармальнага ці легкадумнага падыходу.

— Павышаныя дысцыпліна і адказнасць  – вось галоўны сакрэт поспеху, які павінен трывала ўкараніцца на кожным прадпрыемстве, незалежна ад форм уласнасці, быць залатым правілам для ўсіх, — падкрэсліў Мікалай Аляксеевіч.

Перад прысутнымі таксама выступілі Мікалай Басалай і намеснік пракурора Кобрынскага раёна Валянціна Піліпчык.

Па ініцыятыве Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 2012 год аб’яўлены Годам бяспечнай працы ў сельскай гаспадарцы, у межах яго распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы. А як яны дзейнічаюць на практыцы, удзельнікі раённага дня аховы працы даведаліся ў час наведвання ААТ “Стрыгава”. Кіраўнік гаспадаркі Ігар Масько, галоўны інжынер Яўген Дацук і спецыяліст па ахове працы Алена Бельчанкава падрабязна праілюстравалі, у якіх умовах ажыццяўляецца выпуск тэхнікі на лінію, як праводзяцца медыцынскі агляд механізатараў, рамонт і эксплуатацыя машын, навучанне тэхнічнага персаналу і інш. Таксама ўдзельнікі мерапыремства азнаёміліся з адладжанай сістэмай аховы працы, наведаўшы цэх РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”, СТАА “ВП Палессе”, прынялі ўдзел у спецыялізаваных выставах прадукцыі фірм “Frigat”  і “Пажтэхніка”.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Мікалай Кенда і Мікалай Басалай знаёмяцца з экспазіцыяй прадукцыі фірмы “Фрэгат».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *