Впервые на Кобринщине состоялся фестиваль клубов и социальных инициатив пожилых людей Брестчины.

Чамусьці склалася так, што, калі мы пачынаем думаць пра старасць, то думкі гэтыя часта бываюць  даволі песімістычныя. У галаву адразу ж прыходзяць хваробы, псуе настрой прадчуванне будучай адзіноты – і той самай незапатрабаванасці, якая вельмі часта наступае, калі чалавек пакідае прывычнае месца работы і выходзіць на заслужаны адпачынак. Між тым яшчэ Томас Ман пісаў, што старасць ні ў якім разе не павінна быць працэсам заняпаду, і майстэрства сталага ўзросту заключаецца ў тым, каб атрымліваць каштоўнасці з кожнай хвіліны жыцця…


Менавіта гэты прынцып у поўнай меры пацвердзілі ўдзельнікі першага фестывалю клубаў і сацыяльных ініцыятыў пажылых людзей Брэсцкай вобласці, які прайшоў нядаўна ў Палацы культуры. Разам сабраліся прадстаўнікі органаў улады, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадскіх арганізацый, якія працуюць з пажылымі людзьмі, і, зразумела, самі пажылыя.

— Можна сказаць з упэўненасцю – на сённяшні дзень задачай сферы сацыяльнага абслугоўвання з’яўляецца не толькі дапамога тым, хто па тых ці іншых прычынах не можа, што называецца, абслугоўваць сябе сам, але і работа з пажылымі людзьмі, якія вельмі часта застаюцца пакінутымі на саміх сябе, — расказвае старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Аксяневіч. – І на прыкладзе гэтага мерапрыемства мы можам бачыць, што гэтая работа прыносіць свае вынікі – на базе тэрытарыяльных сацыяльных цэнтраў пажылыя людзі сёння паспяхова асвойваюць камп’ютар, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, развіваюць творчыя здольнасці, кантактуюць паміж сабой – адным словам, вядуць актыўнае і насычанае жыццё. Што ж датычыцца выбару месца правядзення фестывалю, то скажу без перабольшання – па ўзроўні работы і па колькасці інавацый у сферы ўзаемадзеяння з пажылымі людзьмі Кобрыншчына ўпэўнена займае адну з лепшых пазіцый у вобласці.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, вельмі прыемна бачыць, калі нягледзячы на ўзрост чалавек застаецца энергічным і захоўвае волю да жыцця. На працягу фестывалю прадстаўнікі клубаў і сацыяльных ініцыятыў пажылых людзей расказвалі пра сваё жыццё, пра ідэі, якія дапамагаюць зрабіць яго яшчэ больш насычаным і цікавым. Шчыра сказаць, такому ладу жыцця магла бы пазайздросціць і моладзь – аэробіка, ёга, песні і танцы выдатна спалучаюцца з цікавымі сустрэчамі, экскурсіямі, асвойваннем інтэрнету… Кожны такі клуб – своеасаблівая сям’я, у якой клапоцяцца і перажываюць адзін за аднаго, падтрымліваюць у складаных жыццёвых сітуацыях – і проста дзеляцца цяплом сваёй душы.

Нядзіўна, што на працягу ўсяго фестывалю панавала цёплая, сяброўская атмасфера. Да спадобы ўсім прысутным прыйшліся і песні клуба “Сустрэча”, добра знаёмага ўсім кабрынчанам. Прадстаўнікі клубаў з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці шчыра дзяліліся дасягненнямі – лепшыя з якіх складваліся ў скарбонку ініцыятыў, каб у будучым знайсці сваё практычнае прымяненне. Вялікай папулярнасцю карысталася і выстава, на якой былі прадстаўлены экспанаты, выкананыя пажылымі людзьмі Кобрыншчыны. Кульмінацыяй мерапрыемства стала прыняцце рашэння аб утварэнні абласной грамадскай арганізацыі пажылых – што, безумоўна, вывядзе работу ў гэтай сферы на якасна новы ўзровень.

Але, мабыць, самае галоўнае нават не ў гэтым. Фестываль наглядна пацвердзіў, што на самой справе пажылы ўзрост не нясе для чалавека нічога страшнага. Галоўнае – не губляць волю да жыцця, не замыкацца на сваіх праблемах, не рабіць сябе добраахвотным вязнем адзіноты… Гледзячы на вясёлыя агеньчыкі ў вачах пажылых удзельнікаў мерапрыемства, на іх энтузіязм і энергію, сама сабою прыходзіць думка — магчыма, менавіта ў гэтым “залатым” узросце пачынаецца чарговы — новы і цікавы этап нашага жыцця.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *