Як правільна ў Кобрыне зарэгістраваць зямельны ўчастак?

У Кобрыне і раёне не зарэгістравана больш за палову зямельных участкаў грамадзян. У сувязі з гэтым у многіх жыхароў горада і раёна ўзнікаюць пытанні па гэтай працэдуры. Якім чынам пазбегнуць памылак і зрабіць так, каб патраціць на рэгістрацыю як мага меней часу, “КВ” пацікавіўся ў начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандра Агіевіча.

— Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце, пры якіх умовах участак лічыцца зарэгістраваным?

— Зарэгістраваным лічыцца той участак, на які выдадзена пасведчанне аб рэгістрацыі. Яго выдае Кобрынскае бюро Бярозаўскага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” (былое БТІ). Пры гэтым маюць сілу дзяржаўныя акты па землекарыстанні, што былі выдадзены да 2006 года. Але іх патрэбна таксама зарэгістраваць у бюро.

— Для чаго рэгістраваць участак?

— Ну, па-першае, згодна з беларускім заканадаўствам права карыстання любой нерухомасцю павінна быць зарэгістравана. А зямельныя ўчасткі — гэта тая ж нерухомасць. Па-другое, цяпер без пасведчання аб рэгістрацыі чалавек не мае права пацвердзіць ці ўступіць у права прыватнай уласнасці, не можа аформіць дагавор аб дарэнні, уступіць у спадчыну і г.д. як зямельнага ўчастка, так і пабудоў на ім.

— Які камплект дакументаў неабходны для гэтай працэдуры?

— Патрэбна землеўпарадкавальная справа на ўчасткі і рашэнне выканкама аб прадастаўленні грамадзяніну ўчастка плошчай, указанай у землеўпарадкавальнай справе. Калі землеўпарадкавальнай справы няма, то для яе падрыхтоўкі неабходна звярнуцца да спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама: напісаць заяву на яе падрыхтоўку і прыкласці рашэнне выканкама аб прадастаўленні зямлі, план забудовы ўчастка ці план участка з тэхнічнага пашпарта домаўладання, а таксама ксеракопію 31-32 старонак пашпарта домаўладальніка.

Пры адсутнасці рашэння прыкладваецца дакумент аб правах на дом (дагавор куплі-продажу, мены, дарэння і г.д.). Пасля гэтага заява грамадзяніна адпраўляецца выканкамам унітарнаму прадпрыемству “Брэстдзіпразем” ці Кобрынскаму бюро РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” для выканання работ. Гэтыя прадпрыемствы заключаюць з грамадзянінам дагавор аб выкананні работ. І пасля аплаты іх кошту выязджаюць на ўчастак.

Спецыялісты вымяраюць межы, узгадняюць іх з суседзямі, вылічваюць плошчу ўчастка, плошчу абмежаванняў у карыстанні зямельным участкам, рыхтуюць план участка і землеўпарадкавальную справу.

Потым землеўпарадкавальная справа паступае да нас. І ўжо мы рыхтуем рашэнне аб прадастаўленні зямлі, яно зацвярджаецца альбо ў  райвыканкаме, альбо ў сельвыканкаме (у залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца ваш участак).

Пасля гэтага рашэнне і землеўпарадкавальная справа паступаюць у бюро па зямельным кадастры для рэгістрацыі.

— А па часе гэта шмат?

— Сама дзяржрэгістрацыя займае сем дзён. А выраб землеўпарадкавальнай справы — два месяцы з моманту аплаты кошту работы.

— Колькі зараз каштуе зарэгістраваць участак?

— Рэгістрацыя аднаго ўчастка без рэгістрацыі абмежаванняў правоў на яго (г.зн., калі па ўчастку не праходзяць ні электралініі, ні газаправод і г.д.) каштуе 100 тысяч беларускіх рублёў.

— А які кошт вырабу землеўпарадкавальнай справы?

— Калі ў грамадзяніна ёсць рашэнне выканкама аб прадастаўленні ўчастка, то выконваецца толькі ўсталёўка межаў, і гэта каштуе 256 тысяч рублёў. А калі няма рашэння, а ёсць толькі дагавор куплі-продажу, мены, дарэння дома, то ў такім выпадку афармляюцца праект адводу зямельнага ўчастка і ўстанаўленне яго межаў. Цалкам гэта каштуе 671 тысячу рублёў.

— Ці ёсць тэрміны, калі рэгістраваць участак?

— Калі ўжо ёсць і рашэнне, і землеўпарадкавальная справа, то зарэгістраваць неабходна ў два месяцы пасля атрымання рашэння.

— Што будзе, калі чалавек на працягу гэтых двух месяцаў не зарэгістраваў правы на ўчастак?

— Рашэнне губляе сілу. Чалавек зноў прыходзіць да нас і піша заяву. І зноў чакае два тыдні, пакуль мы рашэнне прымем, зноў яго адсылаюць у бюро на рэгістрацыю, карацей, кола паўтараецца.

— Досыць часта ўзнікае пытанне наконт рэгістрацыі дома і ўчастка, што перайшлі ў спадчыну. Скажыце, якімі павінны быць дзеянні чалавека, калі ён атрымаў у спадчыну дом без тэхнічнага пашпарта і незарэгістраваны ўчастак?

Пасля смерці спадчынадаўца спадчыннікі павінны ісці ў натарыяльную кантору. Калі натарыяльная кантора адмаўляецца афармляць  спадчыну з-за таго, што няма рэгістрацыі, то патрэбна падаваць заяву ў суд. І ўжо суд вырашыць, што рабіць спадчыннікам далей. У выніку ўсё роўна ўласнік участка павінен будзе зарэгістраваць яго па той схеме, пра якую мы гаварылі вышэй.

Настасся ЗАНЬКО.

Як правільна ў Кобрыне зарэгістраваць зямельны ўчастак?: 1 комментарий

  • 2012/06/25 в 22:36
    Permalink

    Каштуе 256 тысяч беларускіх рублёў!? Я 3 года назад регистрировал и эта процедура стоила 300 тыс. руб., а сегодня явно около 1млн. будет стоить!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *