Кобринские спасатели удостоены высоких государственных наград.

…Маленькімі яркімі агеньчыкамі летняе сонца адлюстроўвалася на новенькіх серабрыстых медалях “За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”. Гэтыя высокія дзяржаўныя ўзнагароды ў пачатку чэрвеня ва ўрачыстай абстаноўцы з рук міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь атрымалі  супрацоўнікі Кобрынскага РАНС – начальнік каравула ПАВЧ №2 маёр ўнутранай службы Алег Астапчук і пажарны сяржант унутранай службы Любамір Саўчанка. Як нам паведаміла кіраўніцтва РАНС, гэтыя выратавальнікі ў працэсе службы неаднаразова праяўлялі асабістую мужнасць і самаадданасць,  заўсёды ў экстрэмальных выпадках маглі прыняць адзінае правільнае рашэнне.

Мінулы год для Алега Астапчука і Любаміра Саўчанкі выдаўся напружаным. Двойчы ў складзе баявога разліку ім давялося ратаваць жыцці людзей. Так, 15 студзеня ў цэнтр аператыўнага кіравання Кобрынскага РАНС паступіў трывожны сігнал аб пажары ў кватэры па вул. Дзяржынскага ў г. Кобрыне. Там знаходзіліся мужчына і яго маці. На вялікі жаль, жанчына загінула. Але яе сына ўдалося літаральна выцягнуць з агню…

14 лістапада 2011 года адбыўся пажар у шматкватэрным доме па вул. Савецкай у Кобрыне. Суседзі заўважылі моцнае задымленне жылля і выклікалі разлік РАНС. Алег Астапчук і Любамір Саўчанка апранулі баявое адзенне з ізаляванымі процівагазамі і ў густым дымавым заслоне знайшлі чалавека. Мужчына ўжо страціў прытомнасць, але быў жывы. Надзеўшы пацярпеўшаму маску з кіслародам, выратавальнікі паспяхова яго эвакуіравалі.

За амаль дваццацігадовую кар’еру Алега Астапчука такія здарэнні, на жаль, не рэдкасць. Алег Валянцінавіч  — кадравы ваенны. На службу ў РАНС перавёўся з радыётэхнічных войскаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і не шкадуе аб сваім выбары. Маёр сведчыць, што асабовы склад каравула, які ён узначальвае, стаў для яго амаль што другой сям’ёй. У калектыве ніколі не ўзнікае канфліктаў ці непаразуменняў. Алег выхаваў трох сыноў. Старэйшы ўжо заканчвае сталічную ВНУ. Любамір Саўчанка на службе ў органах МНС – з 2009 года. У Кобрынскі райаддзел уладкаваўся пасля тэрміновай службы ў арміі. Малады чалавек нядаўна жаніўся  і плануе далей  працаваць выратавальнікам.

Хочацца ад усёй душы пажадаць гэтым людзям моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях. І каб трывожных выклікаў у іх буднях было як мага менш.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Алег Астапчук і Любамір Саўчанка (справа).

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *