В Международном байкслёте участвовали мотоциклисты из Кобрина.

З 25 па 27 мая Брэстчына вітала ўдзельнікаў дванаццатага міжнароднага мотазлёту “Brest Bike Festival International”. Мерапрыемства было падрыхтавана Брэсцкай гарадской грамадскай арганізацыяй “Мотаклуб “Залатое крыло” пры падтрымцы аддзела па справах моладзі аблвыканкама.

На тры дні тэрыторыя аздараўленчага цэнтра “Арлёнак” у Жабінкаўскім раёне ператварылася ў сапраўдны байкерскі анклаў. У мінулую пятніцу тут сустрэліся шматлікія аматары матацыклаў з больш чым 20 краін свету. Кожныя пяць хвілін на тэрыторыю, дзе праводзіўся фэст, з’язджаліся цэлыя кавалькады байкераў на самых розных матацыклах – пачынаючы ад адрэстаўрыраванага “Урала” з каляскай і заканчваючы эксклюзіўнымі цюнінгованымі спартыўнымі байкамі, чоперамі, эндура ці круізерамі ад вядучых сусветных брэндаў, якія каштуюць не адну тысячу еўра. Разнастайнае афармленне матацыклаў таксама здзіўляла. Неверагодныя аэраграфіі з выявамі драконаў ці іншых міфічных персанажаў на бензабаках, дзяўчат, музыкантаў; байкі, упрыгожаныя футрам, вялікімі сумкамі з натуральнай скуры, з вялікімі скрынямі з нержавеючай сталі… Было зразумела, што аднолькавага матацыкла тут наўрад ці не знойдзеш.

Моўных бар’ераў на байк-фэсце не існавала. Другі раз разам з сябрамі на мерапрыемства прыехала з Бельска-Падляскага (Польшча) Івона Раецка. Дзяўчына адзначае, што байк-фэст на Брэстчыне па сваіх маштабах не ведае сабе роўных у Еўропе. Асабіста Івону і яе калег прывабліваюць беларуская гасціннасць, атмасфера сяброўства і ўзаемапавагі, добразычлівасць.

Больш за 1200 кіламетраў разам са сваім спадарожнікам пераадолела на вялікім турыстычным матацыкле “Хонда Голдвінг” масквічка Алёна. У гасцей з Расіі ў дарозе раптоўна закончылася паліва. І першымі, хто паспяшаўся на дапамогу, былі менавіта беларускія байкеры, з якімі адразу ўстанавіліся надзейныя сяброўскія зносіны. Ужо не першы год наведваюць байкерскі фэст і кабрынчане – Дзмітрый Навумчык (“Рабакоп”) і Юрый Гарост. Хлопцы адзначаюць, што для іх мерапрыемства — выдатны шанс абмяняцца вопытам і ведамі з калегамі ды і проста ў нефармальнай абстаноўцы адпачыць на ўлонні прыроды ад гарадской мітусні.

Увечары арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для байкераў насычаную культурна-забаўляльную і канцэртную праграму з удзелам рок-гуртоў. У суботу матацыклісты арганізаванай калонай накіраваліся ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе правялі паказальныя выступленні і прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах. У нядзелю ў “Арлёнку” адбылося ўрачыстае закрыццё байк-фэсту.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: кабрынчане Дзмітрый Навумчык і Юрый Гарост; масквічка Алёна; байкеры з Польшчы; брутальныя літоўцы.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *