Надзея Ермакова: “Жыць неабходна па сродках”

У дабразычлівай атмасферы і па-дзелавому ў мінулы чацвер прайшла сустрэча старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзеі Ермаковай з працоўным калектывам швейнай фірмы “Лона”. Надзея Андрэеўна наведала Кобрыншчыну згодна з планам выязных выступленняў рэспубліканскіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У гэтым мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Ірына Балановіч і член праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Святлана Смірнова.

Надзея Андрэеўна падрабязна пракаменціравала асаблівасці прыярытэтных вектараў у палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах краіны. Старшыня праўлення Нацыянальнага банка адзначыла, што нягледзячы на складанасці ў мінулым годзе дзяржава здолела знайсці правільнае выйсце і прадоўжыць работу па ўрэгуляванні цэнаўтварэння, умацаванні айчыннай валюты.

— Важна разумець, што зарплату неабходна спачатку зарабіць, а толькі потым прымаць меры па яе павышэнні. Трэба эфектыўна працаваць і жыць па сродках, з розумам эканоміць,  як гэта робіцца ў іншых цывілізаваных краінах. Адпаведна будзе  павышацца і ўзровень жыцця людзей, — рэзюмавала Надзея Андрэеўна.

Кіраўнік Нацыянальнага банка не па чутках ведае аб стане спраў у эканоміцы нашага раёна. Надзея Андрэеўна ў цэлым пазітыўна ахарактарызавала развіццё мясцовага прамысловага комплексу, фінансава-крэдытнай сферы і бізнесу. Здавальняючую ацэнку яна дала рабоце і дзелавой ініцыятыве адміністрацыі швейнай фірмы “Лона”, якая нягледзячы на зменлівы рыначны клімат усё ж такі здолела, як кажуць, утрымацца на плаву, выпускае канкурэнтаздольныя тавары еўрапейскай якасці, якія запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, атрымлівае прыбытак і выплачвае людзям у тэрмін годную зарплату.

Шэраг пытанняў да старшыні праўлення Нацбанка РБ паступіла ад работнікаў “Лоны”, якія ў асноўным тычыліся крэдытнай палітыкі, будаўніцтва жылля і інш. На кожнае з іх быў дадзены кампетэнтны адказ.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Надзея Ермакова, Святлана Смірнова і дырэктар швейнай фірмы “Лона” Зінаіда Андраюк.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *