День открытых дверей в агроусадьбах Кобринщины прошёл с размахом.

У мінулую нядзелю па ўсёй краіне пад эгідай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь праводзілася акцыя “Дзень адкрытых дзвярэй у аграсядзібах”. Асноўная яе мэта  — папулярызаваць актыўны адпачынак сярод беларусаў і замежных гасцей. Кобрыншчына не стала выключэннем.

З раніцы прыгравала сонейка. У бярозавым гаі аграэкасядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Алы і Сяргея Палікарпук у в. Пескі-1 спявалі гімны вясне салаўі. Менавіта сюды завіталі шматлікія госці. Гаспадыня паднесла наведвальнікам свежаспечаны каравай, хатнія прысмакі з мяса, бліны і чай, якія па старажытных рэцэптах прыгатавала яе дачка Марына.

Увазе прысутных была прадэманстравана культурная тэматычная праграма, падрыхтаваная ўдзельнікамі мясцовага ваенна-гістарычнага клуба “Кола Перуна”. Рабяты апрануліся ў рэканструяваныя сярэдневяковыя латы. Нібыта заўзятыя гіды, пад гукі музыкі, яны распавядалі аб гісторыі Уладзімір-Валынскага княства, у склад якога ўваходзіла ў свой час і Кобрыншчына, паказалі гасцям вялікую калекцыю славянскай і скандынаўскай зброі – лукі, нажы, мячы, якія зроблены сваімі рукамі і з’яўляюцца дакладнымі копіямі арыгіналаў. Таксама прадэманстравалі некаторыя элементы рыцарскага бою, зусім як адзінаццаць стагоддзяў таму.

Сярод  наведвальнікаў аграэкасядзібы былі і госці з Мінска. Таццяна Клепча прыехала ў Кобрын з мужам Андрэем, каб адпачыць ад сталічнага тэмпу і шуму.

— Жаданне ўзяць працоўны “тайм-аўт” у нас узнікла раптоўна. Калегі парэкамендавалі наведаць сядзібу сям’і Палікарпук. Хочацца падзякаваць гаспадарам за такі шчыры прыём, за тое, што на невялікім зямельным участку ім удалося стварыць сапраўдны палескі аазіс для якаснага адпачынку, —  сведчыць Таццяна Клепча.

Як адзначае Ала Палікарпук, летнія месяцы на аграэкасядзібе ўжо даўно “распісаны”. Нямала сярод гасцей расіян, якія атрымліваюць асалоду ад беларускай прыроды, мясцовых краявідаў, а таксама палескіх прысмакаў, якія ў гаспадыні заўсёды ў шырокім асартыменце, з натуральных прадуктаў і ў аўтарскім выкананні. У жніўні аграэкасядзібу наведае дэлегацыя галандскіх турыстаў, якія ўжо добра ведаюць беларускія традыцыі гасціннасці.

У той дзень акцыя праводзілася таксама ў сядзібах “Палескія традыцыі”, дзе ўвазе гасцей быў прапанаваны фестываль аўтэнтычных спеваў, “Студзінка”, “На Сасноўцы”, “Вераніка” і “Багач”.

Усяго ж у краіне “Дзень адкрытых дзвярэй у аграсядзібах” арганізавалі больш за 300 гаспадароў.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: Ала Палікарпук (злева) сустракае першых гасцей; члены ваенна-гістарычнага клуба “Кола Перуна” Арцём Краўчук і Аляксандр Навашчук.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *