Хіт «Палесся» — кобрынскія электрамабілі!

З 26 па 28 красавіка ў горадзе над Бугам пройдзе 14-я міжнародная выстава-кірмаш “Брэст. Садружнасць-2012”, на якой плануецца прадэманстраваць шырокай аўдыторыі айчынныя тавары народнага спажывання. Традыцыйна ў гэтым мерапрыемстве прыме актыўны ўдзел і СТАА “ПП Палессе”. Як нам паведаміў намеснік  начальніка аддзела збыту па Рэспубліцы Беларусь Вадзім Ваеўчык, увазе наведвальнікаў будзе прадстаўлены істотна абноўлены асартымент дзіцячых цацак з пластмасы. Гэта  разнастайныя пясочныя наборы, формачкі, канструктары. Прыемнай навіной для маленькіх хлопчыкаў стане шырокі спектр аўтамабільнай тэхнікі. Для дзяўчынак  — цацачны посуд, мэбля і г.д. Таксама “Палессе” прэзентуе тавары гаспадарчага прызначэння – пластыкавыя ёмістасці, посуд, латкі, кветкавыя гаршкі, скрынкі і інш.

Сапраўдным хітом сезона стануць дзве мадэлі  электрамабіляў, першыя экзэмпляры якіх зусім нядаўна сыйшлі з канвеера СТАА “ПП Палессе”. Вадзім Ваеўчык гаворыць, што падобная вытворчасць асвоена ўпершыню  за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Міні-версіі квадрацыкла і трохколавага матацыкла забяспечаны электрарухавікамі, якія працуюць ад напружання ў шэсць вольт. Дастаткова зарадзіць акамулятар ад звычайнай бытавой разеткі — і цацачны цуд тэхнікі гатовы да эксплуатацыі. Максімальная хуткасць складае 5,9 км у гадзіну. Дарэчы, вялікую ўвагу распрацоўшчыкі надалі пытанням бяспекі такой прадукцыі. Так, напрыклад, пры кіраванні электрамабілем маленькім вадзіцелям дастаткова адпусціць спецыяльныя рэгулятары газу на рулі матацыкла ці квадрацыкла, і тэхніка адразу ж спыняецца.

На базе “Палесся” пачаў работу  дылерскі цэнтр па гарантыйным абслугоўванні і рамонце электрамабіляў. Спецыялісты  прадпрыемства сведчаць, што новая прадукцыя выклікала сапраўдны фурор на выставах у расійскіх гарадах. Цяпер унікальная цацачная тэхніка будзе прэзентавацца ў Брэсце. Дарэчы, набыць яе можна і ў кобрынскіх аб’ектах гандлю.

Вадзім Ваеўчык адзначае, што сёлетняя выстава ў горадзе над Бугам стане для “Палесся” выдатнай магчымасцю для адкрытага дыялога  са звычайнымі спажыўцамі, якім прадаставіцца шанц не толькі ўбачыць, але, як кажуць, узяць у рукі любы прадукт са стэнда, а таксама з патэнцыяльнымі дзелавымі партнёрамі і інвестарамі, якія добра ведаюць якасць кобрынскага брэнда “Палессе”.

Раман Мельнік.

На здымку: (злева направа) рабочая група спецыялістаў СТАА “ПП “Палессе” па падрыхтоўцы да 14-й міжнароднай выставы-кірмашу “Брэст. Садружнасць-2012” у складзе Юліі Гасюк, Дзмітрыя Кіпеня, Сяргея Козела, Вадзіма Ваеўчыка і Святланы Малышавай.

Фота аўтара.

Хіт «Палесся» — кобрынскія электрамабілі!: 1 комментарий

  • 2012/05/07 в 21:32
    Permalink

    Да! А игрушки у нас свои, и это хорошо. О здоровьи нельзя забывать!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *