Малітвенны шчыт манаства ў Кобрыне.

Паўтара года таму ў горадзе аднавілася дзейнасць Спаскага манастыра. У ім пасяліліся шэсць манашак на чале з ігуменняй Еўфрасінняй. «КВ» пацікавіўся, што адбываецца за яго сценамі.

І сёння ў манастыры жывуць шэсць сясцёр разам з ігуменняй Еўфрасінняй.

Ёсць манашкі родам з Кобрына, бацькі якіх з’яўляюцца прыхажанамі храма пры манастыры, а ёсць насельніцы і з іншых рэгіёнаў Беларусі.

— Па сутнасці розніцы паміж манахамі цяпер і раней няма. Манаскія зарокі ва ўсе часы адны і тыя ж. І манахі XXI-га стагоддзя кіруюцца павучаннямі раннехрысціянскіх манахаў. Аднак варта мець на ўвазе, што ў манастыр чалавек трапляе не з іншай планеты, а са знаёмага ўсім нам асяроддзя. І часам жыццё тут ён пачынае з вывучэння таго, што раней выхоўвалася на ўзроўні царкоўна-прыходскай школы, — расказвае ігумення Еўфрасіння. — Але, тым не менш, нягледзячы на паўсюдныя заклікі «браць ад жыцця ўсё», знаходзяцца людзі, якія імкнуцца да «свету, які вышэй за гэты свет», у душах якіх любоў і імкненне да свайго Творцы не могуць заглушыць ніякія рэкламныя слоганы.

Асобы, якія выбіраюць для сябе такі шлях, праходзяць адпаведнае выпрабаванне. Дзень манашак пачынаецца з 6.30 гадзін манаскім правілам. Яно складаецца з ранішніх малітваў, паўночніцы, на якой памінаюцца жывыя і нябожчыкі, а таксама акафіста.

Кожная сястра мае сваё кялейнае правіла, якое адпавядае чыну, — паслушніца, інакіня, манашка. Памяншаць альбо павялічваць яго можна толькі па благаславенні ігуменні.

Увогуле, малітва — асноўнае ў распарадку дня манастыра. Сёстры не маюць права пакідаць яе без асаблівага благаславення ігуменні і толькі па послуху альбо па хваробе.

Іншыя справы (а ў манастыры ёсць свой агарод, сад, азярцо, птушкі і г.д.) успрымаюцца як “справы паміж асноўнай” — малітвеннай.

На працягу дня сёстры па чарзе чытаюць псалтыр (кожная запіска, пададзеная ў манастыр, чытаецца штодня не менш за 5 разоў).  А заканчваецца дзень вячэрнім малітвенным правілам, пасля яго сканчэння — Хрэсны ход. Пасля прыбыцця са святой гары Афон спіска з іконы “Скорапаслушніца” штопятніцу праходзіць вячэрня з акафістам іконе.

Не адарваны манахiнi ад сучаснасці. Яны карыстаюцца камп’ютарам, інтэрнэтам, электроннай поштай.

— Але толькі тыя, каму гэта неабходна для выканання свайго послуху,  — адказвае на маё пытанне ігумення Еўфрасіння і дадае: — Справа не ў бяздушных рэчах, а ў стаўленні да іх чалавека. Сучасныя тэхналогіі шмат у чым дапамагаюць нам сэканоміць каштоўны час зямнога жыцця для годнай падрыхтоўкі да Вечнасці.

Вы ведаеце, у пачатку ХХ стагоддзя, калі толькі з’яўляліся аўтамабілі, у грамадстве цалкам сур’ёзна абмяркоўвалася пытанне: а ці дазвольна архірэю ездзіць на аўтамабілі? Падобнага роду пытанні ўзнікаюць увесь час, па меры развіцця тэхналогій. Але адказ на іх яшчэ дзве тысячы гадоў назад даў апостал Павел: «Усё мне дазвольна, але не ўсё карысна; усё мне дазвольна, але нішто не павінна валодаць мною» (1 Кар. 6, 12).

Ва ўяўленні сярэднестатыстычнага чалавека манастырскае жыццё сумнае і бязрадаснае. Аднак ігумення Еўфрасіння кажа, што гэта не так.

— Манаства дае ключ да ўнутранага жыцця. Блажэнства ўнутры нас, патрэбна толькі адкрыць яго. Пустэча і паніклівасць толькі там, дзе няма Бога, — лічыць яна. — Манах імкнецца да той радасці, якая не залежыць ад знешніх абставінаў, а наадварот, сама уплывае на іх. Гэта доўгая размова, якая наўрад ці ўмесціцца ў межах аднаго газетнага артыкула.

Але каб развеяць сумненні, загляніце ў Біблію і паспрабуйце падлічыць, колькі разоў там сустракаецца слова “радасць”. Упэўнена, вы вельмі хутка згубіце лік.

Настасся Занько.

фота Рамана Мельніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *