У дзіўным садзе Грыгарчука

— Каб ваша пасаджаная ўвесну чарэшня ўжо на наступны год пачала плоданасіць, трэба да перыяду сокааддзялення ўзяць нажоўку па метале і зрабіць лёгкі надрэз рухам туды-назад над пупышкамі, — дзеліцца адным са сваіх сакрэтаў Сяргей Грыгарчук. – Надрэзы трэба рабіць на адлегласці 0,5-1 сантыметра зверху ад пупышкі, усяго варта задзейнічаць 7-10 пупышак. Такім чынам фарміруецца крона, і на гэтых галінах, якія пачнуць расці строга пад вуглом 90 градусаў, ужо ў бягучы год закладуцца кветкавыя пупышкі. Вершаліну правадніка (цэнтральнай сцябліны) неабходна зрэзаць. На наступны год вы ўжо дакладна атрымаеце першыя плады.

Такіх сакрэтаў ва ўладальніка ўласнага падвор’я, садоўніка Грыгарчука – безліч. І ўсімі ён ахвотна дзеліцца з любым, каму цікава садовая справа. Сам займаецца вырошчваннем пладова-ягадных раслін усё свядомае жыццё. Сёння ў вёсцы Ліцвінкі яго сад утрымлівае яблыні, грушы, слівы, чарэшні, абрыкосы, персікі, пасаджаны таксама маліна, буякі, крыжоўнік. Тыя ж яблыні займаюць усяго тры соткі. Але, як заўважае Грыгарчук, пры разумным тэхнічным доглядзе можна без праблем атрымліваць да 400 кілаграмаў яблык з адной соткі.

— Сартоў яблынь у мяне даволі шмат, — працягвае Сяргей Мікалаевіч. – Аднак перавагу аддаю беларускім імунаўстойлівым гатункам: “антэй”, “алеся”, “дарунак”, “поспех”, “сябрына”, “беларуская салодкая” і іншым. Яны найбольш прыстасаваны да нашых кліматычных умоў і практычна не патрабуюць апрацоўкі. Праўда, апрацоўваць іх ад кветаеда і пладажэркі неабходна ў абавязковым парадку. А вось заходнееўрапейскія і амерыканскія сарты – “шампіньён”, “глостэр”, “ліголь” і іншыя – могуць быць пашкоджаны маразамі, да таго ж, нават нязначныя пашкоджанні кары і драўніны вядуць да гібелі дрэў.

Яшчэ вопытны садоўнік рэкамендуе купляць саджанцы з прышчэпай М-26 і заўсёды пытацца ў пакупнікоў пра прышчэпу і асаблівасці вырошчвання. Сам ён пра гэтыя асаблівасці можа расказваць бясконца. І не толькі таму, што садоўніцтва – захапленне ўсяго яго жыцця.

Грыгарчук даўно і стала супрацоўнічае з РУП “Беларускі інстытут пладаводства”, дзе за 80 гадоў назапашаны неацэнны вопыт па вырошчванні ў нашых кліматычных умовах пладовых дрэў. І Сяргей Мікалаевіч таксама ўважліва вывучае распрацоўкі інстытута, актыўна ўкараняе іх на сваім участку, бывае частым госцем у сценах установы.

— Часта мяне пытаюць, а калі аптымальна высаджваць дрэвы? Вясной, калі сышоў снег і зямля адтала, трэба пачакаць тры дні, каб глеба падсохла. І толькі пасля гэтага, на працягу двух тыдняў, робіцца пасадка пладовых дрэў. Пазней пачынае рухацца сок, і тэхналогія парушаецца. Дарэчы, нават калі глеба застаецца вільготнай ці ідуць дажджы, усё роўна саджанцы трэба паліць пры пасадцы. Для таго, каб з пасадачных ямак выціснуць паветра, а глеба мела добрае прыліпанне да каранёвай сістэмы.

Мы размаўляем, а Сяргей Мікалаевіч не стаіць на месцы, уважліва аглядае маладыя яблынькі, спраўна завіхаецца каля іх з секатарам.

— Вось, глядзіце, — паказвае ён на саджанец, на якім некалькі галінак імкнуцца ў бакі пад розным вуглом, — калі саджанцы крыху падраслі і пусцілі галіны, абавязкова прасачыце, каб першыя тры касцяковыя галіны раслі строга пад вуглом 90 градусаў. Для гэтага можна прымяніць такі прыём, як адцягванне. Робіцца гэта для таго, каб у далейшым і іншыя галіны раслі такім жа чынам. Тады пладовыя дрэвы будуць найбольш устойлівыя супраць ветру, і спелыя плады не так моцна будуць на іх ціснуць. Адпаведна будзе большым ураджай. А калі некаторыя галіны пачнуць расці пад большым за просты вугал, дык іх, наадварот, ужо трэба падымаць.

— Ці шмат выдаткаў даводзіцца несці, каб вырасціць такі дзіўны сад? – пытаюся ў Грыгарчука.

— Любая добрая справа патрабуе выдаткаў, — шчыра ўсміхаецца садоўнік. – Але пры разумным падыходзе ўсе яны акупаюцца. Сёння адзін кілаграм яблык каштуе болей за 10000 рублёў. А чарэшня летась увогуле ў межах 40000 рублёў была… Дарэчы, калі рэкамендаваць угнаенні для вашых садовых дрэў, то вельмі добрыя якасці маюць угнаенні NPK-161616 Гомельскай вытворчасці. А яшчэ можна зграбсці пад дрэвы скошаную траву ці праполатае зелле. Гэта маса будзе і абараняць, і быць арганічным угнаеннем.

— Сёння ў вас і праўда спраў хапае. А як зімой?

— Зімой сад догляду амаль не патрабуе. Адзінае, што неабходна зрабіць, гэта восенню раскласці прынаду супраць мышэй і зайцоў. Дарэчы, вось вам яшчэ адзін сакрэт! Змажце кару дрэў звычайным салам – і зайцы яе дакладна не будуць чапаць!

Ігар СІДАРУК.

На здымку:

садоўнік Сяргей Грыгарчук і вядомы ў раёне спецыяліст сельскай гаспадаркі Мікалай Сідзюк.

Фота аўтара.

У дзіўным садзе Грыгарчука: 1 комментарий

  • 2012/04/19 в 22:28
    Permalink

    Просто надо любить землю, как он.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *