Кобрынскія лёгкаатлеты – лепшыя ў краіне

Упершыню за ўсю гісторыю дзейнасці КСДЮШАР сем яе выхаванцаў у агульнакамандным заліку перамаглі ў рэспубліканскай спартакіядзе сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння, якая праводзілася нядаўна ў Гомелі. Трыумфатарамі спаборніцтваў сталі Дыяна Дзямбоўская, Дар’я Назарук, Карына Радзько, Арцём Сімянюк, Станіслаў Кузьміч, Яўген Курыга і Андрэй Прымачук. Рыхтавалі юных талентаў трэнеры КСДЮШАР Мікалай Новік і Алена Раманюк.

Як сведчаць педагогі, трэніроўкі перад стартамі праводзіліся практычна кожны дзень. Юныя спартсмены займаліся па індывідуальных сістэмах, якія ў выніку і далі свой плён. Поспеху спрыяла, безумоўна, і матэрыяльна-тэхнічная база спартшколы, якая адпавядае ўсім неабходным стандартам у спорце.

Спачатку кабрынчанам было неабходна добра заявіць аб сабе на абласным этапе рэспубліканскай спартакіяды ў Брэсце, паколькі на спаборніцтвы ў Гомель запрашаліся тры лепшыя каманды з кожнай вобласці. У горадзе над Бугам нашы атлеты заваявалі трэцяе месца.

— Шлях да поспеху быў няпростым. Падабраліся моцныя сапернікі, асабліва – з дзвюх спартыўных школ Брэста, — сведчыць Алена Раманюк.  – Тым не менш, нашы спартсмены справіліся.

Рашаючай дысцыплінай для кабрынчан стала эстафета ў тры этапы — па 600, 400 і 200 метраў. Наша каманда  ў  складзе Дыяны Дзямбоўскай, Дар’і Назарук і Карыны Радзько бліскуча перамагла ў ёй, не пакінуўшы ніякіх шансаў для сваіх канкурэнтаў. У выніку агульнакаманднае “золата”. На другім і трэцім месцах спартыўныя школы алімпійскага рэзерву Брэста. Нашы землякі атрымалі грашовыя прэміі, дыпломы і медалі.

Пераможцы спартакіяды — ужо далёка не навічкі ў падобных стартах. Напрыклад, летась кандыдат у майстры спорту Дыяна Дзямбоўская і ўладальніца першага дарослага разраду Дар’я Назарук у складзе нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь у Смаленску на спартакіядзе Саюзнай дзяржавы па лёгкай атлетыцы заваявалі першыя месцы.

Паводле слоў Мікалая Новіка, ёсць упэўненасць, што той рэзерв юных спартсменаў, які рыхтуецца на сучасным этапе ў сценах кобрынскай спартшколы, дазволіць яшчэ не раз годна праявіць сябе на рэспубліканскіх і міжнародных стартах.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) каманда пераможцаў рэспубліканскай спартакіяды — Мікалай Новік, Андрэй Прымачук, Карына Радзько, Арцём Сімянюк, Дар’я Назарук, Яўген Курыга, Дыяна Дзямбоўская і Алена Раманюк.

Фота аўтара.

Кобрынскія лёгкаатлеты – лепшыя ў краіне: 1 комментарий

  • 15/03/2012 в 20:42
    Permalink

    Поздравляю! Очень рада! Хорошая и позитивная статья. Большое спасибо журналисту.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *