На Кобринщине среди операторов машинного доения тон задают и мужчины!

Мабыць, нездарма пасяджэнні клуба перадавых даярак звычайна праводзяцца напярэдадні 8 Сакавіка – усё-такі прафесія гэта пераважна жаночая. Таму на ўрачыстасцях, арганізаваных раённым камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якія адбыліся нядаўна на базе СВК “Пакроўскі”, пераможцы спаборніцтва атрымлівалі віншаванні і за руплівую працу, і з надыходзячым святам.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, немагчыма пераацаніць ролю аператараў машыннага даення – тым больш тых, хто дасягнуў выдатных поспехаў. І вельмі добра, што сёння ў нас ёсць майстры, на якіх раўняюцца іншыя.  Вельмі прыемна і тое, што сярод пераможцаў з’явіўся прадстаўнік моцнага полу – аператар машыннага даення ААТ “Днепра-Бугскае” Ігар Палівода, які ў мінулым годзе надаіў 6 тысяч 214 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову.

Што ж датычыцца агульных вынікаў, то першае месца ўпэўнена трымаюць аператары машыннага даення СВК “Узыходзячая зара”, якія прадставілі на пасяджэнне клуба 20 перадавікоў. Як падкрэсліла старшыня “Узыходзячай зары” Таццяна Дземідзюк, на такіх энтузіястах і трымаецца аўтарытэт любой гаспадаркі. Дарэчы, менавіта тут, ва “Узыходзячай зары”, працуюць і ўсе тры пераможцы раённага спаборніцтва – Святлана Батурка (8 тысяч 645 кілаграмаў), Галіна Дунда (8 тысяч 576 кілаграмаў) і Валянціна Гардун (8 тысяч 571 кілаграм). Дзякуючы спонсарскай дапамозе ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод” усе пераможцы атрымалі каштоўныя прызы – вадкакрышталічныя тэлевізары “Гарызонт”, а ўсе перадавыя аператары машыннага даення – памятныя падарункі.

Увогуле пасяджэнне прайшло ў атмасферы сапраўднага свята. Цудоўны стол, які быў накрыты сіламі СВК “Пакроўскі”, дэгустацыя прадукцыі Кобрынскага МСЗ, выдатны канцэрт, які падрыхтавалі работнікі культуры, кветкі, падарункі і віншаванні ад прафсаюза і кіраўніцтва раёна не пакінулі ябыякавым нікога. Яно і зразумела – плённая праца перадавікоў ва ўсе часы павінна карыстацца заслужанай павагай.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *