Кобринская птицефабрика: за шаг до холдинга.

У канцы мінулага года на ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” адбыліся кардынальныя перамены: на ўзроўні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання было вырашана аб’яднаць прадпрыемства з ААТ “Баранавіцкая птушкафабрыка”, каб у далейшым стварыць холдынг з удзелам усіх птушкафабрык Брэсцкай вобласці. Новым дырэктарам прадпрыемства быў назначаны Дзмітрый Місюк, які раней працаваў галоўным ветэрынарным урачом раёна.

Дзмітрый Уладзіміравіч, не сакрэт, што яшчэ зусім нядаўна фабрыка перажывала далёка не лепшыя часы… Што Вы як новы кіраўнік можаце сказаць аб становішчы прадпрыемства?

— Адразу заўважу, што прадпрыемства захавала за сабой статус юрыдычнай асобы, разліковы рахунак у банку і іншыя рэквізіты, самастойнасць прыняцця рашэнняў. Аб’яднанне з Баранавіцкай птушкафабрыкай – гэта не ўтварэнне адзінай структуры. Зусім не. Проста на базе дзвюх фабрык ствараецца холдынг, які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва ў спецыфічным бізнесе, з паступовым уключеннем у яго ўсіх фабрык яечнага накірунку вобласці. І сёння магу сказаць, што абкатка на ўзроўні дзвюх фабрык пэўных працэдур, дзе ўжо дакладна адпрацаваны тыя ці іншыя тэхналогіі па вытворчасці яек і вырошчванні птушкі, прайшла паспяхова. Перавага холдынга і ў тым, што ліквідуецца канкурэнцыя паміж фабрыкамі, паколькі выпрацоўваецца адзіная для ўсіх стратэгія.

І калі ўжо будзе створаны холдынг?

— Спадзяемся, праз 2-3 тыдні. Паколькі ўсе неабходныя фінальныя дакументы падрыхтаваны, узгоднены і чакаюць подпісу кіраўніка дзяржавы.

Ці маглі б Вы болей канкрэтна акрэсліць тыя станоўчыя моманты, якія дало супрацоўніцтва з баранавіцкімі калегамі?

— Пасля рэарганізацыі яны падтрымалі нас кармамі, прайшлі дзейсныя кансультацыі па шэрагу тэхналагічных момантаў, аказана дапамога па камплектацыі пагалоўя птушкі. У сваю чаргу, мы таксама падзяліліся станоўчым вытворчым вопытам.

На прадукцыю Кобрынскай птушкафабрыкі заўсёды быў традыцыйна добры попыт. Наколькі упэўнена адчувае сябе прадпрыемства на рынку сёння?

— На сучасны момант пастаўлена задача ўтрымацца на дасягнутых пазіцыях і выпускаць яйкі і мяса птушкі толькі высокай якасці. Дасягаецца гэта найперш за кошт кармоў уласнай вытворчасці, без розных штучных дабавак. Наша прадукцыя атэставана па сістэме НАССР, якая дае права на міжнародны сертыфікат якасці, і імпартуецца ў Расійскую Федэрацыю. У перспектыве – плануем пашыраць замежныя рынкі збыту.

Сёння прадпрыемства мае ўласны цэх па вытворчасці камбікармоў – наколькі адчувальная такая падтрымка ў вытворчасці?

— Адчувальная найперш тым, што рэнтабельная вытворчасць уласных камбікармоў дае магчымасць скараціць практычна на чвэрць затраты на закупку прывазных.

А як адчувае сябе калектыў у час гэтых перамен? Ці адчулі работнікі фабрыкі нейкія станоўчыя зрухі ў той жа заработнай плаце?

— Што датычыць заработнай платы – сёння гэта адно з самых складаных пытанняў. З улікам таго, што па выніках года плануем выйсці на 140% па выпуску валавой прадукцыі, адпаведна, з павышэннем прадукцыйнасці працы і ўзроўню рэнтабельнасці, павінна адбыцца і павышэнне заробкаў. А пакуль як кіраўнік лічу, што для эфектыўнай работы прадпрыемства неабходна наяўнасць трох галоўных складаемых.  Першае: эканомнае расходаванне наяўных, матэрыяльных і іншых сродкаў. Другое: павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт укаранення прагрэсіўных тэхналогій. І трэцяе: вясной максімальна эфектыўна правесці пасяўныя работы на сельскагаспадарчых угоддзях прадпрыемства плошчай 2,5 тысячы гектараў, каб на 50-60% забяспечыць фабрыку ўласнымі кармамі і значна скараціць працэс кармлення “з колаў”.

Гутарыў Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Кобринская птицефабрика: за шаг до холдинга.: 1 комментарий

  • 15/02/2012 в 15:11
    Permalink

    Здорово, что наша птице-фабрика сотрудничает с Барановической

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *