В Кобринской районной больнице стали доступны лапароскопические операции.

Яшчэ нядаўна для пацыентаў раённых бальніц вельмі актуальным быў сумны выраз – “у нас такога не робяць”… І сапраўды, для правядзення грунтоўных высокатэхналагічных абследаванняў ці, тым больш, складаных аперацый даводзілася ехаць як мінімум у абласную бальніцу. Зразумела, розніца ў тэхнічным абсталяванні вобласці і раёна існуе і зараз. Але прагрэс не стаіць на месцы – і на сённяшні дзень у Кобрынскай райбальніцы даступнымі сталі такія магчымасці, пра якія гадоў 5-10 таму можна было толькі марыць.

Разам з галоўным урачом бальніцы Вячаславам Крывецкім мы вырашылі зрабіць кароткі экскурс, мэта якога – выявіць, якія навінкі медыцынскага абслугоўвання сёння сталі  даступнымі для кабрынчан.

— Пачаць, мабыць, варта з лапараскапічных аперацый на брушной поласці, — расказвае Вячаслаў Анатольевіч. – Традыцыйна гэта рабілася толькі ў Брэсце – і толькі ў апошнія гады  паслуга стала даступнай у некаторых райцэнтрах. Сутнасць такіх аперацый у тым, што ўсе яны праводзяцца праз невялічкія праколы. Хірургі адпаведнага ўзроўню ў нас былі, заставалася адкрытым толькі пытанне абсталявання, ці лапараскапічнай стойкі, якую мы нарэшце атрымалі ў мінулым годзе пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, Кобрынскага райвыканкама і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Зазулі. Запусцілі апаратуру ў верасні-кастрычніку – і да Новага года было зроблена ўжо больш за 20 аперацый.

Плюсы новай методыкі відаць, што называецца, простым вокам — каб дабрацца да ўнутраных органаў, пацыенту больш не трэба рабіць вялікіх разрэзаў. А вось сам працэс аперацыі кантралюецца, насупраць, вокам узброеным – на дапамогу хірургам прыходзяць відэакамеры, якія выводзяць “карцінку” проста на манітор сістэмы. І патрэба ў такіх аперацыях ёсць – захворванні жоўцевыводзячых шляхоў сёння сустракаюцца нават часцей за апендыцыт. Яго, дарэчы, таксама можна выдаліць з дапамогай гэтага цудоўнага апарата. Вельмі актуальным з’яўляецца і дыягнастычны момант – калі бачыш органы брушной поласці, што называецца, на ўласныя вочы, паставіць дакладны дыягназ значна прасцей.

Яшчэ адзін высокатэхналагічны агрэгат, які нядаўна з’явіўся ў Кобрынскай ЦРБ, – фібрагастрадуадэнаскоп японскай вытворчасці, па сутнасці – апошняе слова тэхнікі. Ён дазваляе выявіць на раннім этапе шмат сур’ёзных захворванняў – напрыклад, язву страўніка, крывацёк, анкалагічныя парушэнні ў ранніх формах, і многае-многае іншае. Можна зрабіць фатаграфію – а можна і на ўласныя вочы агледзець сябе, што называецца, знутры. Пра карысць новага апарата расказвае ўрач-эндаскапіст Уладзімір  Анціпаў.

— Інакш як цудам тэхнікі гэты агрэгат цяжка і назваць, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Уладзімір Рыгоравіч. – Самыя маленькія язвы, пра існаванне якіх раней можна было і не здагадацца, зараз – як на далоні. З дапамогай яго можна “залезці” ў самыя цяжкадаступныя месцы ў страўніку — і своечасова выявіць захворванне. А калі яно выяўлена на ранніх стадыях, то і для хворага, і для ўрача вылечыць яго без наступстваў значна прасцей.

Яшчэ адно дасягненне кобрынскіх медыкаў, якое ацэняць бадай што ўсе катэгорыі насельніцтва, асабліва ж сталага ўзросту, — эндапратэзаванне суставаў, якое ў Кобрынскай ЦРБ робяць ужо некалькі гадоў. Сутнасць заключаецца ў тым, што замест пашкоджанага сустава пацыенту ўстаўляецца штучны. Улічваючы, што колькасць захворванняў дэфармуючага артрозу сёння вельмі вялікая, патрэба ў падобных аперацыях ёсць заўсёды. Сёння замена суставаў ужо даўно стала звычнай практычна ва ўсім свеце. А для нагляднасці прывядзем толькі адзін прыклад: з  пераломам шыйкі бядра, які часцей за ўсё здараецца ў людзей сталага ўзросту. Пры традыцыйным лячэнні працэс займае каля 4-х  месяцаў, на працягу якіх пацыент вымушаны амаль нерухома ляжаць на выцяжцы. А пасля ўстаўкі эндапратэза можна спрабаваць уставаць на ўласныя ногі практычна на наступны дзень. Сёння для таго, каб уставіць аднаполюсны эндапратэз сустава, ужо неабавязкова кудысьці ехаць – такія аперацыі робяцца ў Кобрынскай ЦРБ.

Прыклады ўражваюць. Аднак, думаю, кожны згадзіцца, што галоўнае ўсё-такі не ў тэхнічных сродках, а ў кваліфікацыі самога ўрача – асоба якога займае цэнтральнае месца ў медыцыне, як і сотні гадоў таму.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

В Кобринской районной больнице стали доступны лапароскопические операции.: 2 комментария

  • 2012/02/15 в 14:58
    Permalink

    Думаю,лапороскопические операции очень удобны

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 2012/02/15 в 14:56
    Permalink

    Згодна з вывадам Дзмітрыя Белова

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *