Кобринский РОЧС готов к «ударам» лютых морозов.

Апошнія тыдні скавалі Беларусь маразамі. Калі верыць сіноптыкам, халоднае надвор’е захаваецца і ў бліжэйшыя дні, а пачатак лютага можа вызначыцца буйнымі снегападамі. Падобная частая змена кліматычных з’яў – не рэдкасць для нашай мясцовасці. Аднак заўсёды лепей падрыхтавацца да сустрэчы з падобнымі акалічнасцямі, чым потым у аўральным парадку ліквідаваць наступствы, пра якія сапраўды можна сказаць, што яны зваліліся “як снег на галаву”. Таму натуральна, што шэраг пытанняў мы адрасавалі спецыялістам Кобрынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Акрамя абавязковых мер, прадугледжаных у зімовы перыяд, ці прымаліся якія-небудзь дадатковыя захады ў нашым горадзе і раёне, каб ні моцныя маразы, ні снежныя завеі не нарабілі бяды?

— Як толькі наступілі сапраўдныя халады, адбылося пашыранае пасяджэнне камісіі па барацьбе з надзвычайнымі здарэннямі, створанай пры райвыканкаме, з удзелам работнікаў нашага ведамства, а таксама з прыцягненнем прадстаўнікоў іншых аварыйных службаў: камунальных, газавых, водаканала, апавяшчальных і іншых, — адказвае начальнік Кобрынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Леанід Панасюк. – Для ўсіх былі пастаўлены канкрэтныя і дакладныя задачы: праверыць і трымаць у бесперапынным і спраўным эксплуатацыйным рэжыме камунікацыі і інжынерныя збудаванні, быць у пастаяннай гатоўнасці для хуткай і поўнай ліквідацыі магчымых аварыйных ці непажаданых сітуацый, арганізаваць дзяжурствы кіруючага складу на прадпрыемствах, стварыць дадатковыя аварыйныя атрады там, дзе гэта неабходна. Натуральна, яшчэ болей узрастаюць патрабаванні непасрэдна да падраздзяленняў нашага аддзела, на якія сёння ўскладзены дадатковыя абавязкі пільна одсочваць сітуацыю як у плане перамены кліматычных умоў, так і з недапушчэннем абмарожання і гібелі людзей. Таму намі вядзецца штодзённы маніторынг, які ўключае замеры тэмпературы, назіранне за навакольным асяроддзем, станам дарог, тэхнічных камунікацый і г. д.

Наколькі ўкамплектаваны як ваша, так і іншыя службы транспартам, тэхнікай, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, іншымі неабходнымі сродкамі?

— На маю думку, з матэрыяльна-тэхнічным бокам усё ў парадку. Тэхніка дагледжаная, працуе спраўна, запасы паліва і іншых матэрыялаў дастатковыя.

Калі ўсё ж дапусціць сітуацыю, што здарылася нешта непрыемнае, як хутка будуць прыведзены ў тую самую поўную “баявую” гатоўнасць адпаведныя службы і пачнецца ліквідацыя наступстваў?

— Згодна з зацверджанымі патрабаваннямі, службы апавяшчэння павінны аператыўна праінфармаваць аб падобных сур’ёзных здарэннях як належныя падраздзяленні, так і насельніцтва на працягу 20-ці хвілін. У такіх выпадках да ліквідацыі розных няштатных сітуацый падключаюцца таксама органы кіравання, міліцыя, служба “хуткай дапамогі” – карацей, усе, хто закліканы не дапускаць, каб сітуацыя выйшла з-пад кантролю.

Леанід Данілавіч, а што б Вы маглі параіць непасэдна насельніцтву ў гэтыя зімовыя дні?

— Цвяроза ацэньваць сітуацыю, апранацца адпаведна надвор’ю, быць гатовым да нечаканых перамен у ім. Урэшце, мець у кожным доме элементарныя прылады для расчысткі дваровых тэрыторый, пад’ездаў, сходаў. Ні ў якім разе не ўжываць у мароз алкаголь і не выязджаць у паездку на няспраўным аўтамабілі.

Запісаў Ян ПАЛЕСКІ.

Кобринский РОЧС готов к «ударам» лютых морозов.: 1 комментарий

  • 2012/02/08 в 17:18
    Permalink

    Хочется тепла

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Дистанционное обучение английскому языку в Москве www.miepl.ru.