Спрос на услуги Кобринского ТЦСОН растёт с каждым годом.

Пенсіянеры і інваліды, ахвяры сямейнага насілля і сіроты, асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і неспрыяльныя сем’і… Цяжка нават пералічыць усе катэгорыі грамадзян, якім неабходна сацыяльная падтрымка. У гэтай  галіне ўдасканальванне на самой справе не мае межаў. Аб гэтым ішла размова на справаздачным сходзе работнікаў Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай дапамогі насельніцтву, які прайшоў нядаўна ў райвыканкаме. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Хромаў, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і  начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Якаўчук.


— Задача сённяшняга мерапрыемства – выявіць, як працуюць уся сістэма сацыяльнага абслугоўвання ў цэлым і структурныя падраздзяленні цэнтра ў прыватнасці, — расказвае Уладзімір Хромаў. – Што ж датычыцца ацэнкі работы Кобрынскага ТЦСАН, то нельга не адзначыць сапраўды высокі ўзровень работы, якая праводзіцца ў гэтай установе. Тут рэалізуецца цэлы шэраг праектаў, актыўна прыцягваюцца новыя ўдзельнікі і нават замежныя арганізацыі. Адным словам, работа вядзецца ў правільным накірунку – шмат зроблена, але шмат што яшчэ належыць зрабіць.

І сапраўды – як паказвае практыка, запатрабаванасць на паслугі Кобрынскага ТЦСАН расце з кожным годам. Так, за мінулы год у цэнтр было накіравана больш як 14 тысяч зваротаў, што ў 6 разоў перавышае паказчык, які адзначаўся 5 гадоў таму. За 2011 год было праведзена 4149 абследаванняў грамадзян, арганізавана 86 выяздаў у сельскія населеныя пункты. Пры наведванні грамадзян дома вывучаецца не толькі матэрыяльна-бытавы стан, але і вядзецца работа па растлумачэнні сацыяльных паслуг, якія аказвае цэнтр. Агульная колькасць паслуг дома, аказаных сацыяльнымі работнікамі, перавысіла 864 тысячы, што ў сярэднім складае 753 паслугі на кожнага падапечнага. 51 чалавек карыстаўся паслугамі сацыяльнага пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, 59 чалавек – транспартнымі паслугамі. Карыстаюцца папулярнасцю паслугі сацыяльнай пральні, рамонтна-будаўнічыя паслугі і іншыя. Не стаіць на месцы работа з інвалідамі – так, у верасні мінулага года аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў было прынята 6 выпускнікоў Кобрынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, працуюць сацыяльныя майстэрні. Набірае абароты і дзейнасць аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі – на працягу мінулага года сюды звярнуліся 3602 чалавекі, што на 20% перавышае паказчык 2010 года.

Зразумела, гэта – толькі мізэрная частка ўсіх паслуг, якія сёння аказваюцца Кобрынскім ТЦСАН самым розным групам насельніцтва. Для таго, каб пералічыць іх усе, не хопіць, мабыць, і цэлай кнігі. Але адно можна сказаць з упэўненасцю – людзі, якія тут працуюць, робяць усё магчымае для таго, каб дапамога дайшла да кожнага, каму яна патрэбна. А значыць, усё менш становіцца нявырашаных праблем – і ўсё больш камфортным робіцца жыццё тых, хто побач з намі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *