Кобринщина принимала участников третьего этапа республиканской олимпиады по трудовому обучению.

У чарговы раз з 9 па 12 студзеня Кобрыншчына гасцінна прымала ўдзельнікаў трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Права спаборнічаць за лідарства было дадзена лепшым вучням дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і навучэнцам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з кожнага раёна Брэстчыны.

Адкрыццё алімпіяды адбывалася ў мінулы панядзелак у актавай зале ДПТК будаўнікоў. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук, які адзначыў, што гэта мерапрыемства дае магчымасць не толькі паспрабаваць свае здольнасці на практыцы, але і азнаёміцца з патэнцыялам мясцовых навучальных устаноў. Жаданне ўдасканальваць веды па працоўным навучанні, зазначыў Аляксандр Фёдаравіч, – першая прыступка да атрымання дыплома спецыяліста па шэрагу рабочых прафесій. А менавіта такія кадры былі і будуць востра запатрабаваныя. Аляксандр Жук пажадаў рабятам моцнага здароўя і перамогі. Таксама з цёплымі словамі да ўдзельнікаў алімпіяды звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне алімпіяды не выпадкова было запланавана менавіта на Кобрыншчыне. Для арганізацыі іспытаў былі выбраны абноўленыя аўдыторыі і майстэрні СШ №7 і ДПТК будаўнікоў. Як паведаміла ў інтэрв’ю “КВ” галоўны інспектар упраўлення прафтэхадукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ілона Чак, у працэсе дасканалага маніторынгу яе ведамства сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама высветлілася, што матэрыяльна-тэхнічная база гэтых  і шэрагу іншых устаноў адукацыі Кобрыншчыны адпавядае агульнаеўрапейскім стандартам. Як паведаміў Валянцін Трубчык, за кошт раённага бюджэту для СШ №7 былі набыты новыя швейныя машыны для аўдыторый абслуговай працы. Значныя перамены адбыліся ў сталярнай і слясарнай майстэрнях, дзе заменены варштаты, электраправодка, праведзены рамонт згодна з усімі сучаснымі патрабаваннямі і інш. Аналагічныя пазітыўныя пераўтварэнні адбыліся і ў ДПТК будаўнікоў.

У СШ №7 паміж сабой спаборнічалі дзяўчаты, якім неабходна было за пэўны час выканаць заданні практычнага тура па абслуговай працы на тэму “Беларусь — мая Радзіма”. Засяроджана ўдзельніцы алімпіяды рабілі выкрайкі, умела карысталіся швейным абсталяваннем. У майстэрнях ДПТК будаўнікоў таксама кіпела работа. Хлопцам было прапанавана за чатыры гадзіны з дрэва і металу зрабіць копію сапраўднага будаўнічага крана.

Потым рабяты абаранялі перад журы свае хатнія творчыя праекты, якія экспанаваліся на выставе. Завяршальным іспытам стаў тэарэтычны тур. Пераможцы і прызёры алімпіяды былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў і пахвальнымі водзывамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: Ілона Чак, Аляксандр Жук і дырэктар ДПТК будаўнікоў Міхаіл Гольцман (у цэнтры) у час маніторынгу стану матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа; у час практычных іспытаў у СШ №7 і ДПТК будаўнікоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *