Чысціня і парадак – клопат агульны

— Мы абслугоўваем жыллёвы фонд, прыватны сектар і інтэрнаты, — расказвае выконваючая абавязкі начальніка разлікова-даведачнага цэнтра Таццяна Слуцкая. — Магу сказаць, што даўжнікоў па жылым фондзе менш. 468 кватэр (прыкладна кожная дваццатая) маюць запазычанасць на 1 снежня. Аднак сума доўгу склала 118 мільёнаў рублёў. Параўнальна невялікая запазычанасць сярод жыхароў інтэрнатаў, яна склала каля 9 мільёнаў беларускіх рублёў.


Паводле слоў Таццяны Сцяпанаўны, найбольшай праблемай для ЖКГ горада з’яўляюцца запазычанасць па аплаце вывазу смецця.

— Такіх у нас 3929 рахункаў, а ўсяго іх — 13999, — распавядае Таццяна Сцяпанаўна. – Атрымліваецца, што амаль кожная чацвёртая сям’я не разлічылася за вываз смецця. Агульны доўг складае 80 млн. рублёў.

Пры гэтым кошт аплаты вывазу смецця за чацвёрты квартал бягучага года — 3570 рублёў з чалавека ў горадзе і  2980 рублёў — у сельскай мясцовасці.

— Гэта няшмат, — кажа Таццяна Слуцкая. — На сям’ю з чатырох чалавек выйдзе да 15 тысяч у квартал.

Аднак нават з-за такіх невялікіх сум у разлікова-касавым цэнтры ўспыхваюць сваркі і скандалы.

— Мы выклікаем да сябе тых, хто не заключыў дагавор на вываз смецця, і прапаноўваем яго заключыць, — распавядае Таццяна Сцяпанаўна. — Каб вы бачылі і чулі, колькі ўзнікае спрэчак! Людзі пачынаюць даказваць, маўляў, а ў мяне няма смецця. Я спальваю. Пераконваем, кажам, што спальваць смецце нельга, асабліва пластык. Бо гэта забруджвае нашу атмасферу, дрэнна ўплывае на экалогію. Яны ў адказ — мы будзем самі тады вывозіць.

Але, аказваецца, нават для таго, каб вывезці смецце самастойна, патрэбна заключыць дагавор з ЖКГ, таму што менавіта гэтая арганізацыя адказвае за стан існуючых афіцыйных сметнікаў, а таксама за стварэнне новых.

Для неплацельшчыкаў у ЖКГ існуе цэлая праграма мер. Калі чалавек не плаціць месяц-два, яму дасылаецца пісьмовае папярэджанне, у якім адзначаецца сума запазычанасці і меры, якія будуць прыняты ў выпадку неаплаты.

— Калі рэакцыі няма, то мы ўключаем дазвон, — апісвае прынцып работы з даўжнікамі Таццяна Сцяпанаўна. — У гэтыя дні з 6.00 да 7.30 і вечарам з 21.00 да 23.00 у кватэрах неплацельшчыкаў раздаюцца званкі з просьбай заплаціць за камунальныя паслугі.  Але магу сказаць, што і тут сутыкаемся з перашкодамі.

Мера гэта эфектыўная, але не даступная да кожнага. Ёсць у нас сем’і, у якіх няма тэлефона — яго даўно адключылі за даўгі.

Калі чалавек не плаціць і далей, больш за 2 месяцы, то яму дасылаюцца папярэджанні пра адключэнне гарачай вады. Усяго за бягучы год у Кобрыне было адключана чатыры кватэры.

— У рэшце рэшт, калі ніякія меры не дапамагаюць, то падаем у суд, — канстатуе Таццяна Сцяпанаўна. — На сённяшні дзень у Кобрынскім судзе знаходзіцца 469 заяў на спагнанне 93 мільёнаў беларускіх рублёў.

Таццяна Слуцкая адзначае, што недаплаты прыводзяць да  недахопу сродкаў на бягучы рамонт і інш.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *