Молодёжь остаётся в СПК «Покровский».

Пярвічная арганізацыя ГА “БРСМ” СВК “Пакроўскі”, якой кіруе галоўны бухгалтар гаспадаркі Надзея Свідуновіч, — лепшая сярод сельгасарганізацый Кобрыншчыны.

Пазітыўнай энергіі ў Надзеі багата. Закончыла яна Столінскі аграрна-эканамічны каледж, потым Горацкую дзяржаўную сельгасакадэмію па спецыяльнасці “бухгалтарскі улік, аналіз і аўдыт”. Дзесяць гадоў працуе ў СВК “Пакроўскі”. У 2003 годзе па рэкамендацыі намесніка дырэктара гаспадаркі Алены Ігнацюк дзяўчына ўступіла ў рады БРСМ. Актыўна ўключылася ў грамадскую дзейнасць. Усяго ў “пярвічцы” чатырнаццаць чалавек. Юнакі і дзяўчаты працуюць у розных вытворчых сферах – механізацыі, жывёлагадоўлі, агранаміі, ветэрынарыі, юрыспрудэнцыі і інш.

Як вядома, аснова асноў для любога чалавека – жыллё. Менавіта гэта пытанне заўсёды хвалюе маладыя кадры. Дзякуючы дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі ў аграгарадку в. Буховічы “вырасла” новая вуліца — Працоўная, дзе прапісалася мясцовая моладзь. З жаданнем юнакі і дзяўчаты застаюцца на сваёй малой радзіме, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей.

Маладыя спецыялісты, якія добра сябе зарэкамендавалі, заўсёды заахвочваюцца матэрыяльна. У Буховіцкім СДК арганізоўваюцца разнастайныя вечары адпачынку, дыскатэкі, конкурсы, віктарыны, спартыўныя мерапрыемствы. На базе СВК “Пакроўскі” створаны калектыў фізкультуры, які ўдзельнічае ў раённых спартакіядах. Такім чынам, сумаваць маладым працаўнікам у вольны час не прыходзіцца.

Увечары дома Надзею сустракаюць муж Сяргей і дачка Ірына. Надзея захапляецца вышываннем і любіць радаваць сваіх родных і блізкіх маленькімі кулінарнымі сюрпрызамі.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

На здымку: (злева направа) Надзея Свідуновіч са сваімі галоўнымі памочнікамі — заатэхнікам-селекцыянерам Ларысай Дземянчук і юрысконсультам Алёнай Мельнікавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *