Философия здоровья от Алексея Дударева

Усё сваё сумленнае жыццё Аляксей Дудараў займаецца фізічнай культурай і спортам. Здаровы лад жыцця для дваццацішасцігадовага хлопца – штодзённая патрэбнасць. З ранняга дзяцінства ён меў  схільнасць да спорту. Аляксей працуе на ААТ “Гідрамаш”. Тут ён прайшоў шлях ад грузчыка да спецыяліста па абароне дзяржінтарэсаў. Цяпер па сумяшчальніцтву малады чалавек з’яўляецца яшчэ і інструктарам-метадыстам па спорце. Таксама ён выбраны  сакратаром пярвічнай арганізацыі РК ГА “БРСМ”. Маладзёжны лідар імкнецца актыўна прасоўваць ідэю здаровага ладу жыцця ў сваім калектыве.

Як адзначае кіраўніцтва ААТ “Гідрамаш”, з прыходам маладога інструктара спартыўны рух у калектыве атрымаў развіццё. У 2011 годзе для каманды фізкультурнікаў за кошт сродкаў прадпрыемства былі закуплены новая форма і абутак для трэніровак. На тэрыторыі ААТ “Гідрамаш” у хуткім часе будзе ўладкавана пляцоўка для гульні ў валейбол.

Працаўнікі прадпрыемства ў асноўным займаюцца гульнявымі відамі спорту. Рэгулярна пад кіраўніцтвам свайго інструктара-метадыста  яны ўдзельнічаюць у раённых спартакіядах сярод калектываў фізкультуры і нярэдка займаюць прызавыя месцы.

На працягу шэрагу гадоў Аляксей уваходзіць у склад футбольнага клуба “Кобрын”, які, дарэчы, сёлета стаў пераможцам  у чэмпіянаце вобласці. Аляксей перакананы, што калектывы фізічнай культуры павінны быць на кожным прадпрыемстве.

— Актыўны лад жыцця – эфектыўная магчымасць хутка зняць стомленасць, стрэс і менш хварэць. Тым больш, што для гэтага ў нашым горадзе ёсць цудоўныя магчымасці – аквапарк, лядовая арэна, стадыён “Юнацтва”, плавальныя басейны, спартыўныя трэнажорныя залы. Галоўнае – паставіць перад сабой такую мэту і імкнуцца яе дасягнуць, — адзначае Аляксей Дудараў.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

На здымку: Аляксей Дудараў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *