В Кобрине завершился международный турнир по дзюдо «Наши истоки-2011»

Нядаўна ў КСДЮШАР праходзіў дзявяты турнір па дзюдо “Нашы вытокі” памяці трэнера Ігара Данілюка.

Так склалася, што гэтыя спаборніцтвы ўжо набылі міжнародны статус.  Сёлета на турнір з’ехаліся не толькі беларускія каманды з больш чым дваццаці гарадоў краіны, але і расійская дэлегацыя з Маскоўскага клуба ўсходніх адзінаборстваў “Мар’іна” пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера СССР і Расійскай Федэрацыі Сурэна Мкртчана. За сваю кар’еру гэты майстар дзюдо падрыхтаваў чэмпіёнаў  і прызёраў чэмпіянатаў свету. Сурэн Людзвігавіч шчыра падзякаваў галоўным арганізатарам турніру  — аддзелу па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама, адміністрацыі КСДЮШАР, дырэктару групы кампаній “Нашы вытокі” Сяргею Амельянчуку за гасцінны прыём і выдатную арганізацыю спаборніцтваў. Ён адзначыў, што іх фармат, якасць, а таксама прафесіяналізм  работы судзейскай калегіі адпавядаюць прызнаным у свеце спартыўным стандартам. За дзевяць гадоў, заўважыў маскоўскі госць, кобрынскі турнір набыў шырокую папулярнасць  і прэстыж далёка за межамі Беларусі.

Сардэчна вітаў удзельнікаў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, які адзначыў, што развіты патэнцыял матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных збудаванняў на Кобрыншчыне дазваляе рэгулярна праводзіць турніры падобнага кшталту.

Трэба адзначыць, што на турніры быў устаноўлены своеасаблівы рэкорд колькасці ўдзельнікаў —  за адзін дзень на татамі выступілі больш за трыста чалавек. Кобрынскую каманду прадставілі трыццаць пяць юных спартсменаў. А сапернікі ў кабрынчан былі сур’ёзныя. Дастаткова сказаць, што на турніры выступаў  чэмпіён Масквы па дзюдо Заўрбек Качаеў. Нашы землякі  змагаліся мужна і аддана і  заслужана атрымалі прэстыжныя ўзнагароды. Першае месца заваяваў выпускнік СШ №6 Раман Гліцук. “Бронзы” ўдастоіліся Кірыл Дубінскі (СШ №8), Артур Джаніеў (выпускнік СШ №6), Дзмітрый Чыкуноў (СШ №6) і Кірыл Кавалевіч (Дзівінская СШ). Рабяты атрымалі медалі і дыпломы. Кубкамі ў спецыяльных намінацыях “За самы хуткі кідок” і “За волю да перамогі” адзначаны Яўген Машагін (СШ №4) і Дзмітрый Чыкуноў.

У суботу і нядзелю адбыліся спартыўныя зборы дзюдаістаў, якія ўзначаліў адзін з заснавальнікаў дзюдо на Кобрыншчыне ўладальнік 4 дана па дзюдо Вячаслаў Рысь.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *