Палы травы на Кобринщине: кто виноват?

У рэдакцыю звяртаюцца гараджане са скаргамі на едкі дым ад вогнішчаў, што распальваюцца на прысядзібных участках. Маўляў, парушаецца прыродаахоўнае заканадаўства, куды глядзяць пажарныя? Ды і ўвогуле, гэта небяспечна для здароўя людзей, санітарнага стану горада. Ці так на самой справе?


— Выпальванне травы і развядзенне вогнішчаў забаронены ў пажаранебяспечны перыяд, калі ёсць адпаведнае рашэнне райвыканкама, — адзначыў намеснік начальніка РАНС па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Алег Жолах. — Цяпер пажаранебяспечнага перыяду няма. Таму згодна з нашым заканадаўствам дзейнічаюць наступныя нормы: вогнішча павінна разводзіцца не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў, пры гэтым за агнём патрэбна сачыць.

Паводле слоў Алега Жолаха, за невыкананне пажарных нормаў можна атрымаць штраф ад адной да 20 базавых велічынь.

Як паведамілі ў Кобрынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў  і аховы навакольнага асяроддзя, у заканадаўстве распальванне агню рэгулюецца Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, артыкуламі 15.57 (незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў альбо непрыняцце мер па ліквідацыі пажараў) і 15.58 (распальванне агню ў забароненых месцах). Парушэнне першага з гэтых артыкулаў прыводзіць да штрафа да 12 базавых велічынь, другога — да 20 базавых.

Аднак даказаць, што ваш агарод ці ўчастак — “незаконнае месца” для раскладання агню, практычна немагчыма.

— У тых маштабах, у якіх спальванне раслінных рэшткаў адбываецца ў горадзе, — ні на чыё здароўе гэта не паўплывае, — гаворыць галоўны ўрач ДУ “Кобрынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Святлана Асташэвіч.

Пры гэтым усе службы горада папярэджваюць: калі вы вырашылі спаліць старое лісце, пустазелле, не спальвайце пластыкавыя бутэлькі, поліэтылен і іншыя адходы такога кшталту. Яны вельмі таксічныя, іх патрэбна складваць у кантэйнеры для адходаў, якія ўпаследку накіроўваюцца на перапрацоўку.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *