Председатель Кобринского райисполкома Николай Кенда провёл очередной личный приём граждан

Асабісты прыём грамадзян у старшыні райвыканкама Мікалая Кенды – магчымасць атрымаць адказ на хвалюючае пытанне на самым высокім узроўні. Не дзіўна, што такія формы работы ў  кабрынчан заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. Вось і на гэты раз не паспеў яшчэ наступіць час прыёму, як перад дзвярамі пачалі збірацца першыя наведвальнікі. Дарэчы, вялікай чаргі ніколі не назіраецца, таму што кожнаму назначаецца індывідуальны час.

Пытанні, з якімі людзі прыходзілі да старшыні, былі самымі разнастайнымі. Сапраўды, часам акалічнасці складаюцца такім чынам, што чалавек трапляе ў цяжкую сітуацыю. З жыллёвай  праблемай да старшыні звярнулася кабрынчанка, якая даглядае сына-інваліда і вымушана высяляцца са здымнай кватэры. Мікалай Кенда выслухаў жанчыну і даў даручэнне дырэктару КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Сяргею Яльцу  разгледзець магчымасць выдзялення жылля ў інтэрнаце. Просьба жыхаркі вуліцы Савецкай тычылася тэрмінаў рамонту кватэры, што ёй прадастаўляецца, — старшыня райвыканкама даручыў дырэктару КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”  закончыць рамонт у лістападзе.

Практычна на кожным прыёме “ўсплываюць” пытанні, так ці інакш звязаныя з суседскімі адносінамі, якія, у прынцыпе, можна было б вырашыць, як кажуць, “уласнымі сіламі”. На гэты раз за дапамогай звярнулася жыхарка вуліцы Алега Кашавога. Яблыкам разладу стала мяжа суседніх зямельных участкаў. Для вырашэння пытання начальніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандру Агіевічу і дырэктару Кобрынскага бюро Бярозаўскага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Аляксандру Шумаўцу было даручана выехаць на месца і вызначыць межы зямельных участкаў адпаведна з заканадаўствам.

Усе пытанні, якія ўзніклі ў наведвальнікаў, вырашаліся грунтоўна і ўсебакова. Пры неабходнасці на прыём выклікаліся прадстаўнікі адпаведных арганізацый і службаў, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вырашэнне той ці іншай праблемы.

Напрыканцы  хацелася б яшчэ раз нагадаць грамадзянам, што перад тым, як звяртацца непасрэдна да старшыні райвыканкама, пытанне павінна прайсці ўсе папярэднія інстанцыі. Звяртацца да яго трэба ў тым выпадку, калі прадстаўнікі арганізацый і службаў не змаглі вырашыць пытанне ці калі іх адказ грамадзяніна не задавальняе. Такім чынам значна павышаецца эфектыўнасць вырашэння праблем — і проста эканоміцца час.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

фота аутара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *