В Кобрине чисто бывает не везде и не всегда…

У гэтым давялося пераканацца ўдзельнікам чарговага рэйду па кантролі стану добраўпарадкавання, які адбыўся ў мінулы панядзелак пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, а таксама з удзелам прадстаўнікоў ДУ “Кобрынскі ЗЦГіЭ”, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і журналістаў мясцовых СМІ. На гэты раз у цэнтры ўвагі быў раён горада недалёка ад новага рынку. У цэлым добрыя ўражанні засталіся ад станувуліцы Працоўнай. Было бачна, што мясцовыя жыхары сістэматычна прыбіраюць участкі, якія прылягаюць да прыватных сядзіб, своечасова абкошваюць сцёкавыя канавы, сочаць, каб яны былі чыстымі.

— Літаральна кожны тыдзень разам з суседзямі арганізоўваем суботнікі на сваёй тэрыторыі, — сведчыць жыхар вул. Працоўнай Анатоль Сігорскі. – На жаль, элементарная культура ў некаторых грамадзян пакуль адсутнічае. У сцёкавыя канавы часта трапляе смецце, якое пакідаюць пасля сябе прахожыя ці вадзіцелі аўто, –бутэлькі, пакеты ад чыпсаў, цэлафанавыя пакеты.

Не было сур’ёзных парушэнняў і на вуліцах Фрунзе, Сурына, Чкалава. Здавалася, што і на вуліцы Усходняй таксама ўсё ў парадку. Але “лыжку дзёгцю” ў агульную карціну дабавіў трохпавярховы недабудаваны катэдж пад нумарам 28, які з цягам часу пачаў трухлець. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гаспадары вельмі рэдка наведваюцца сюды і зусім не сочаць за парадкам навокал. Тэрыторыя побач густа зарасла хмызняком. У цёмных закутках і навокал бачна мноства піўных бутэлек.

Чарговы адрас рэйдавай групы – дом №9 вул. 17 Верасня. Нярэдка ў тутэйшых грамадзян стаіць вада ў падвалах, яна падтоплівае агароды. Жыхары прасілі дапамагчы з прачысткай і паглыбленнем ліўневай канавы, якая пракладзена побач з домам. Спадзяемся, што сітуацыя будзе ўзята адпаведнымі службамі на кантроль.

У чарговы раз звяртаемся да многіх уладальнікаў прыватных домаўладанняў і жыхароў шматпавярховак, каб яны паклапаціліся аб навядзенні чысціні. Неабходна паважаць працу іншых, ставіцца да парадку ў сваім горадзе больш адказна, цаніць тое, што маем.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *