Ракетомоделисты из Кобрина завоевали «серебро» на республиканских соревнованиях

Запускаецца рухавік, і вось –  стралой пранізвае неба чарговая ракета. Яна амаль што нічым не адрозніваецца ад сапраўднай – ідэнтычныя нават самыя маленькія дэталі і надпісы на корпусе. Адрозненні хіба што толькі ў маштабе – ракеты, якія вырабляюць навучэнцы ракетамадэльнага гуртка Кобрынскага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, у шмат разоў меншыя за свае рэальныя аналагі. А нядаўна нашы ракетамадэлісты атрымалі чарговую ўзнагароду – другое каманднае  месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе яны прадстаўлялі Брэсцкую вобласць.

Як адзначае кіраўнік гуртка  Дзмітрый Пакіньбарада, надвор’е прынесла ракетамадэлістам непрыемны сюрпрыз – ранішні туман хутка змяніўся ветрам, зусім не спрыяльным для запускаў. Тым не менш барацьба атрымалася цікавай і напружанай – кобрынская каманда працавала як адзіны зладжаны механізм. Проста зрабіць ракету, падобную да свайго аналага, мала – стэндавая ацэнка складае толькі першы этап. Трэба яшчэ, каб яна ўзляцела, выпусціла парашут і пратрымалася ў паветры як мага больш часу. Калі ж ракета па тых ці іншых прычынах узляцець не змагла – то і балаў не будзе, як бы прыгожа мадэль ні выглядала. Дарэчы, тэрміны выканання кожнай ракеты — ад трох тыдняў для класа спартыўных ракет да цэлага года, калі гаворка ідзе пра ракету-копію.

— Заняткі ў ракетамадэльным гуртку мне не толькі проста падабаюцца, але вельмі дапамагаюць у школе, — расказвае вучань Ілья Кузуб. — Ракетамадэлізм развівае прасторавае мышленне, дапамагае лепш успрымаць тую ж фізіку і матэматыку. Ды і проста гэта вельмі хвалюе – назіраць, як стартуе ў неба ракета, якую ты стварыў уласнымі рукамі…

Не абышлося і без некаторых нечаканасцяў у класе ракет з парашутам і ракетапланаў – але высокі ўзровень падрыхтоўкі кобрынскай каманды і добра арганізаваная работа ўсіх яе членаў падчас спаборніцтваў дазволілі нашым ракетамадэлістам пераадолець усе цяжкасці. Як вынік – Антон Зубко атрымаў “золата” ў класе ракет з ротарам (раташутам), які круціцца, другое месца ў класе ракет са стужачным парашутам дасталося Ільі Кузубу,  і зноў-такі “серабро” – у класе ракет-копій – атрымаў Андрэй Другак. У класе мадэляў з парашутам і ракетапланаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах стараннасць і волю да перамогі праявілі Арцём Самахавец і Міхаіл Гелах.

І хто ведае – можа менавіта з гэтых рабят, якія з такім энтузіязмам сёння займаюцца сваёй любімай справай,  калі-небудзь вырастуць нашы, беларускія Цыялкоўскія і Каралёвы…

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *