“Жывая класіка” – з любоўю да роднага краю

Гэтыя пачуцці сталі лейтматывам раённага этапа рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, які прайшоў у Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці.  У ім прынялі ўдзел 90  вучняў з розных устаноў адукацыі раёна, якія  натхнёна чыталі творы беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў.

 

Школьнікі ўразілі прысутных яркімі вобразамі, артыстычнасцю, чуллівым успрыманнем беларускай мовы і душэўнай шчырасцю. Нельга было стрымаць слёз, калі трапяткі дзявочы голас чытаў “Паэму аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова, сэрца трымцела ад шчымлівых радкоў купалаўскай  “Малітвы”. Уразілі слухачоў і жартоўныя творы, якія з асалодай і гумарам чыталі хлопчыкі і дзяўчынкі ў кожнай з чатырох узроставых груп. 

 Няпроста было членам журы, у складзе якога працавалі настаўнікі школ горада і раёна, педагогі ДУА Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”, супрацоўнікі ДВМУ “Кобрынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”, вылучыць пераможцаў. Але наконт першых прызавых месцаў рашэнне было амаль што агульным.  Сярод вучняў пачатковых класаў уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі  вучаніца СШ № 6 г. Кобрына Кацярына Біюмен, Дар’я Крывец з гімназіі,  Соф’я Мінчук з Пескаўскай сярэдняй школы.

Сярод вучняў 5–6 класаў лепшымі чытальнікамі сталі  Віталіна Андзюлевіч (гімназія) і  Мілана Трубчык  (дзіцячы сад-сярэдняя школа № 4 г. Кобрына).  Ва ўзроставай катэгорыі  7-8 клас перамаглі Вераніка Бура (Астроміцкая сярэдняя школа) і  Савелій Прохараў (СШ №3 г. Кобрына).  Сярод вучняў старэйшых класаў  перамогу атрымалі Ірына Брышцен (Павіццеўскі дзіцячы сад-СШ), Багдан Дарчыч (Акцябрскі  дзіцячы сад-СШ ), Міхаіл Пугачоў (гімназія). У абласным этапе конкурсу пераможцы прадэманструюць сваё майстэрства дэкламацыі ў фармаце яскравых відэаролікаў.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

На здымку з архіва ДВМУ “Кобрынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”:  маленькія ўдзельніцы конкурсу Мілана Каранчук (злева) і Кацярына Біюмен.

Центры лечения наркозависимости.