Кобринский лесхоз приобрёл эксклюзивную отечественную технику

Сёння на самым высокім узроўні пастаўлена задача максімальна выкарыстоўваць у розных галінах народнай гаспадаркі абсталяванне, сыравіну, тавары і г.д. айчыннай вытворчасці. Як рэалізоўваецца праграма імпартазамяшчэння ў лесагаспадарчай установе “Кобрынскі доследны лясгас”, расказвае яе дырэктар Аляксандр Кулік.

— Перш за ўсё, хачу заўважыць, што ў нашай галіне сама лясная тэхніка, абсталяванне – усё спецыфічнае: звычайны трактар ці грузавы аўтамабіль не будзе з поўнай аддачай працаваць у лясных гаспадарках. Таму як толькі ў краіне была прынята Праграма імпартазамяшчэння і беларускія спецыялісты, канструктары, вытворцы пачалі актыўна распрацоўваць і ствараць айчынныя аналагі імпартнай лесагаспадарчай тэхнікі, мы гэтак жа актыўна сталі купляць яе для нашага лясгаса. Першай такой тэхнічнай адзінкай, выпушчанай Мінскім трактарным заводам, стаў тралёвачны трактар, створаны на базе трактара “Беларусь” і тэхнікі фінскай фірмы “NOKA”. Такі трактар з вазком і маніпулятарам паспяхова замяняе цэлую брыгаду: леснікоў, рабочых, якім раней даводзілася рабіць шэраг аперацый па высечцы і вывазцы лесу ўручную.

Чарговай распрацоўкай беларускіх вытворцаў сталі машыны пагрузачна-транспартныя (МПТ), якія таксама з’явіліся ў Кобрынскім лясгасе. Сёння на 7 нашых лясніцтваў працуе 6 такіх машын. Праўда, пэўны час яны яшчэ абсталёўваліся фінскімі ці шведскімі маніпулятарамі, аднак ужо восем гадоў, як іх таксама выпускае айчынная вытворчасць, што дазволіла сэканоміць вялікую колькасць дзяржаўных сродкаў.

У рэспубліцы, і наш раён не выключэнне, вялікі працэнт мяккаліставых насаджэнняў знаходзіцца на забалочаных мясцінах. Таму для лясгаса прыйшоўся вельмі дарэчы чарговы набытак: яшчэ адна распрацоўка Мінскага трактарнага завода – фарвардар. Прычым у Кобрыне на стадыі выпуску эксперыментальных вырабаў праходзілі выпрабаванні адразу дзве мадыфікацыі фарвардараў. Сёння гэта тэхніка дазваляе нам значна аблегчыць вытворчыя работы на многіх забалочаных участках.

З часам перад прамысловасцю, якая працуе на лясную гаспадарку, паўсталі чарговыя надзённыя задачы. Адна з іх — замяніць расійскія цягачы “Уралы” на болей магутныя айчынныя. Пасля актыўных пошукаў і эксперыментаў МАЗам быў выпушчаны магутны сартыментавоз, які сёння, у адрозненне ад “Урала”, дазваляе загружаць не 15-17 кубаметраў лесу, а 25-35. Другая задача — наладзіць выпуск айчынных аналагаў імпартным харвэстарам, з якой справіліся спецыялісты завода “Амкадор”. Сёння на нашых лесасеках харвэстары беларускай вытворчасці валяць дрэвы, крыжуюць іх, абразаюць галіны. І хоць, калі гаварыць шчыра, айчынная тэхніка іншым разам выклікае некаторыя нараканні і патрабуе ўдасканальвання, аднак, напрыклад, той жа “амкадораўскі” харвэстар каштуе не 150-200 тысяч еўра, як імпартны, а 500-700 мільёнаў рублёў.

Нарэшце, мы чакаем, калі будзе наладжаны выпуск айчынных бензапіл – нашы лесарубы працягваюць карыстацца імпартнымі. У гэтым плане Украіна, Польшча ўжо маюць свае бензапілы – Беларусь пакуль адстае…

Пытанням імпартазамяшчэння ўдзяляем увагу і ў дрэваапрацоўцы: з апошніх нашых набыткаў – стужачна-пілавальны станок вытворчасці Дзяржынскага завода. Хоць тут пакуль яшчэ застаецца вялікае поле для дзейнасці… Увогуле, калі гаварыць вобразна, заўсёды імкнемся трымаць руку на пульсе сучаснасці. Так, наша гаспадарка пастаянна бярэ ўдзел у прэстыжнай выстаўцы “Лесдрэватэх”, якая збірае да 15-20 краін свету і дазваляе быць у курсе тэхнічных навінак, розных дасягненняў у лесагаспадарчай галіне.

НА ЗДЫМКУ: харвэстар айчыннай вытворчасці на лесасецы.

Запісаў Ян ПАЛЕСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *