З ЛЮБОЎЮ ДА МАТУЛІНАГА СЛОВА

-Той факт, што мерапрыемства, якое ўпершыню прайшло тры гады назад, не адышло ў гісторыю, а, з упэўненасцю можна сказаць, набывае статус традыцыйнага, з кожным разам пашыраючы свае рады, сведчыць пра нашы беражлівыя адносіны да роднай мовы як  духоўнай спадчыны свайго народа, — падкрэсліў  намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык , звяртаючыся да ўдзельнікаў вялікай беларускай дыктоўкі, што прайшла 24 мая на базе СШ № 9 г. Кобрына пры падтрымцы Кобрынскага райвыканкама.

Да пастаянных удзельнікаў дыктоўкі, сярод якіх кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў горада, у гэтым годзе далучыліся кіраўнікі і супрацоўнікі сельвыканкамаў, Кобрынскага РАУС, Кобрынскага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь інш. Усяго лічба склала 38 чалавек.

Сімвалічна, што мерапрыемства супала з Днём славянскай пісьменнасці і культуры, святам, калі беларускі народ ушаноўвае памяць святых  роўнаапостальных братоў-асветнікаў Кірыла і Мяфодзія — складальнікаў  славянскай пісьменнасці. Гэтая падзея  і абумовіла тэму для дыктоўкі —  “З любоў да славянскай пісьменнасці”. Удзельнікі мелі магчымасць адкрыць для сябе цікавую постаць нашага земляка – ураджэнца вёскі Лышчыкі — вядомага на ўсю краіну крытыка, перакладчыка, грамадскага дзеяча, уладальніка прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” — Івана Чароты.

Працягам тэмы стала  святочная імпрэза, падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі школ горада і раёна, у час якой госці згадалі абрады і традыцыі продкаў, народныя песні і святы і ў чарговы раз упэўніліся ў прыгажосці беларускага слова.

А тым часам кампетэнтнае журы з ліку настаўнікаў беларускай мовы школ горада падвяло вынікі дыктоўкі, якія агучыў Валянцін Трубчык. Вялікая колькасць пераможцаў, а на гэты раз імі сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Дземідовіч, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Кобрынскага райвыканкама Дзмітрый Дземідзюк, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Кобрынскага райвыканкама Вольга Рудовіч, намеснік дырэктара па эканоміцы  КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Ірына Балановіч , дырэктар Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Людміла Чырун, толькі даказвае высокі ўзровень адукаванасці людзей, якія займаюць кіруючыя пасады ў горадзе і раёне.

Дзелячыся эмоцыямі пасля своеасаблівага экзамена, Васіль Дземідовіч заўважыў, што даўно хацеў прыняць удзел у дыктоўцы і, калі выпала такая магчымасць,  з задавальненнем прыняў прапанову:

— Любіць і шанаваць, як святыню, матуліна слова, бо менавіта ад яго ідуць нашы вытокі, вучаць  падобныя мерапрыемствы. Яны даюць нам   магчымасць спыніцца ў мітусні падзей і праблем і задаць сабе пытанне: а што асабіста я зрабіў для таго, каб мова мая жыла.

Алена БАКУН.