За акурак міма ўрны — штраф 1,75 млн!


Паводле падлікаў спецыялістаў, на кожнага жыхара планеты прыходзіцца тона смецця ў год. У сярэднім два кілаграмы  смецця ў дзень выкідвае кожны чалавек.  Вось і атрымліваецца, што  толькі адзін горад Кобрын за дзень выкідвае 145 тон смецця. А за год? Куды яно трапляе, ці выкарыстоўваюцца адходы і наколькі сумленна ставяцца кабрынчане да іх утылізацыі, расказвае галоўны спецыяліст Кобрынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  Дзмітрый Гіль.

— Дзмітрый, скажыце, якімі заканадаўчымі актамі рэгулюецца выкід смецця?

— Паняцце абыходжання з адходамі ўключае ў сябе ўсё – ад моманту ўтварэння адходаў да моманту выкарыстання ці захавання, ці абясшкоджвання. У Беларусі ёсць спецыяльны Закон “Аб абыходжанні з адходамі”. Ён абавязковы для выканання як грамадзянамі, так і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Для юрыдычных асоб і ІП правілы абыходжання з адходамі ўстанаўліваюцца адпаведнымі дакументамі, якія выдаюцца тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды. Наша ведамства выдае дазвол на вываз і захаванне адходаў вытворчасці. У гэтым дазволе распісваюцца парадак і месцы вывазу смецця.

У законе таксама прапісаны і абавязкі грамадзян па абыходжанні са смеццем. У дакуменце сказана, што кожны грамадзянін абавязаны пры немагчымасці выкарыстання адходаў даставіць іх у санкцыянаваныя месцы захоўвання (урна, скрыня для смецця і г.д.).

— Давайце ўдакладнім, куды можна выкінуць смецце ў Кобрыне і раёне?

— У нас у горадзе стаяць кантэйнеры для збору адходаў. Цяпер вывазам смецця ахоплены ўсе 100% гараджан. Ва ўсіх сельскіх населеных пунктах па графіку ходзіць машына. А ёсць яшчэ кантэйнеры для раздзельнага збору шкла, пластыку і батарэек.

Таксама шкло, тэкстыль, макулатуру і метал можна здаць і атрымаць за гэта грошы. Асноўныя арганізацыі, якія гэтым займаюцца, — Кобрынскае раённае спажыўтаварыства, кобрынскі ўчастак “Брэстаблрэсурсаў” і кобрынскі ўчастак “Брэстдругметал”, а таксама КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”.

— Наколькі насельніцтва адказна ставіцца да выкіду смецця?

—  Скажам так, культура раздзельнага збору адходаў яшчэ не прывілася. Вось глядзіце, у Кобрыне згодна з праграмай па зборы батарэек былі ўсталяваны чатыры кантэйнеры (у Доме гандлю, ва ўнівермагу, у БУМе і ў магазіне “Усё для дома”). І калі туды заглянуць, то там можна знайсці ўсё, акрамя гэтых адпрацаваных батарэек — і пластыкавыя бутэлькі, і фанцікі ад марожанага, і г.д.  Аналагічная сітуацыя і з кантэйнерамі для раздзельнага збору.

Мы ажыццяўляем маніторынг і бачым, што ў кантэйнерах каля дарогі, якія ўсталяваны толькі для таго, каб чалавек выкінуў, напрыклад, фанцік ад шакаладкі, ляжаць пакеты са смеццем. Гэта значыць чалавек мэтанакіравана прыязджаў і выкідваў хатняе смецце. Бывае такое, што ў дварах дамоў ёсць звалкі смецця. І нам часта паступаюць скаргі: гэтыя звалкі прыбіраюць-прыбіраюць, а яны ўсё роўна пастаянна там утвараюцца. Скардзяцца на ЖКГ. А робіць жа гэта нехта з жыльцоў!

Аднак не варта  забываць, што ў нас прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за такія дзеянні.

— І якія штрафы?

— Арт. 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — парушэнне заканадаўства па абыходжанні з адходамі. Ім прадугледжана папярэджанне, а таксама штраф ад 5 да 50 базавых велічынь. Нашай інспекцыяй за восем месяцаў бягучага года складзена больш за 50 пратаколаў за парушэнне заканадаўства.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *