Выстава СМІ: усе разам на адной пляцоўцы

З 2 па 4 мая ў Мінску прайшла XXIII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі», якая сабрала прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, краін Балтыі, Узбекістана, КНР.

На выставе працавала больш за 50 павільёнаў сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку друкаваныя і аўдыёвізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, а таксама інфармацыйныя агенцтвы. Акцэнт у сёлетняй выставе быў зроблены на 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, II Еўрапейскія гульні, тэму малой радзімы.

Кожнае выданне, якое прадстаўляла вобласць, прэзентавала сябе з дапамогай разнастайных віктарын, выступленняў самадзейных калектываў. На пляцоўцы павільёна Брэсцкай вобласці госці выставы маглі пазнаёміцца з абласнымі і раённымі выданнямі Брэстчыны, абмяняцца вопытам.

Традыцыйна  ў рамках выставы праходзіць цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Золотая литера», на які сёлета паступіла больш за 330 заявак.

Стварыць сапраўдны святочны настрой  дапамагала канцэртная праграма з удзелам зорак беларускай эстрады, танцавальных калектываў.

Нагадаем, што міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» праводзіцца Міністэрствам інфармацыі з 1997 года.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ аўтара : прадстаўнікі павільёна  Кітая гатовы кожнаму  напісаць імя іерогліфамі.