На «Вертикали» в Барановичах честь Кобринщины отстаивали работники райисполкома

Вясёлы спартыўны азарт, воля да перамогі – і, канешне, сапраўдная атмасфера добрай сяброўскай сустрэчы… Менавіта гэтыя словы лепш за ўсё характарызуюць XII абласную спартакіяду “Вертыкаль” сярод супрацоўнікаў выканаўчых і распарадчых органаў, фінальныя спаборніцтвы якой  прайшлі нядаўна ў горадзе Баранавічы. Гонар Кобрыншчыны на спартакіядзе абараняла каманда складам у 21 чалавек на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Трубчыкам. Сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве падзяліўся ўдзельнік кобрынскай каманды, начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Васіль Знахарчук.

— Спаборніцтвы аказаліся далёка не простымі, — расказвае Васіль Міхайлавіч. – Спартакіяда праходзіла па 9-ці відах спорту – і адразу было відаць, што каманды падрыхтаваліся сур’ёзна, так што на лёгкую перамогу разлічваць не даводзілася. Упартая барацьба разгарнулася, у прыватнасці, на турніры па валейболе, дзе ў выніку нам дасталося другое месца – крыху ўступілі камандзе гаспадароў з лікам 1:2. Нямала эмоцый даставіла  велаэстафета – ды і ўвогуле шмат пазітыву і ўдзельнікам, і гледачам падаравалі практычна ўсе віды спорту.

Кобрынскія “вертыкальшчыкі” не на словах, а на справе пацвердзілі, што фізкультура і спорт для іх – не толькі імідж, але і сапраўдны лад жыцця. І не проста пацвердзілі, а атрымалі заслужаныя ўзнагароды, у прыватнасці —  дыплом І-й ступені за перамогу ў эстафеце па плаванні, дзе прыйшлі да фінішу са значным адрывам ад сапернікаў, і “серабро” ў валейболе.

Аднак не спортам адзіным здолела праявіць сябе кобрынская каманда — усе прысутныя вельмі высока ацанілі і артыстычныя здольнасці кабрынчан. Дарэчы, менавіта тут наша каманда атрымала сваю трэцюю ўзнагароду – грамату лаўрэата конкурсу мастацкай самадзейнасці, сапраўдным апафеозам якога стала песня кобрынскага барда Юрыя Харэвіча “Кобрын”.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота з архіва аддзела спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *