Вышэйшая ліга – на Кобрыншчыне!

Наведванне хакейных матчаў дазваляе адпачыць эмацыянальна, азартна і цікава. Гэта сцвярджэнне тым больш справядліва, калі на лёдзе змагаюцца сапраўдныя прафесіяналы – і кожны перыяд становіцца святам для балельшчыкаў.

Менавіта такую магчымасць нядаўна атрымалі кобрынскія аматары хакея – наша лядовая арэна прымала матч 20-га адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод каманд вышэйшай лігі. Хакейны клуб “Брэст-2” сустракаўся з даволі сур’ёзным сапернікам, пяцікратным прызёрам чэмпіянату Беларусі хакейным клубам “Гомель-2”. Аб асаблівасцях матча перад яго пачаткам выказаў свае ўражанні дырэктар лядовай арэны Анатоль Трубчык.

— Лядовая арэна адкрыла для кабрынчан цэлы свет зімовых відаў спорту, — дзеліцца сваімі думкамі Анатоль Васільевіч. –Няма сумненняў – кобрынскія балельшчыкі ацэняць вялікі хакей, і сённяшняя гульня падарыць усім вялікую колькасць вострых і цікавых момантаў. Карыстаючыся выпадкам, хацелася б звярнуцца і да арганізацый – цэны на білеты на матч зусім невялікія, наведванне сапраўднага хакея для многіх вашых супрацоўнікаў, упэўнены, стане добрым падарункам.

Ужо на другой хвіліне маланкавай атакай госці прабілі абарону брэсцкіх хакеістаў – 1:0, але літаральна праз некалькі хвілін  пасля серыі ўзаемных удараў па варотах самі прапусцілі шайбу. Напружаны, актыўны рытм матча, трапныя пасы і частыя сутыкненні нібыта гаварылі ўсім балельшчыкам – ні адна каманда не збіраецца здавацца без бою. На лёгкую і хуткую перамогу разлічваць нікому не прыходзілася. Не заставаліся ўбаку і гледачы, сустракаючы кожны гол бурнымі авацыямі. Вельмі актыўна – нягледзячы на тое, што была ў меншасці — паказала сябе  група падтрымкі ХК “Гомель-2”, якая прыехала на матч разам з хакеістамі. Надзеі гомельскіх балельшчыкаў апраўдаліся – у першым матчы госці атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 5:2. Ну што ж – у спорце, як вядома, заўсёды перамагае мацнейшы.

А гледачы, якія прыйшлі на матч, атрымалі выдатны зарад эмоцый і добрага настрою. Так што, паважаныя кабрынчане, калі жадаеце на свае вочы ўбачыць сапраўдны вялікі хакей у выкананні прафесіяналаў – сачыце за аб’явамі і прыходзьце на матчы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *