З мазаікі фрагментаў складаецца жыццё…

Усё наша жыццё ў нейкім родзе нагадвае мазаіку. Збіраецца з маленькіх цаглінак прыгожы будынак, з вёсак, гарадоў і раёнаў збіраецца незабыўны абрыс нашай Радзімы,  з асобных людзей, аб’яднаных адзінай ідэяй, фарміруецца цэльнае і непадзельнае грамадства…


Патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, развіццё кантактаў паміж навучэнцамі – менавіта так можна акрэсліць асноўныя задачы першага чэмпіянату па зборы пазлаў “Беларусь і я”, арганізаванага Кобрынскім РК ГА “БРСМ”, які прайшоў нядаўна ў кінатэатры “Радуга”.

Перад удзельнікамі стаяла нялёгкая задача – за кароткі час з мноства маленькіх фрагментаў ім патрэбна было атрымаць цэльную выяву Нацыянальнай бібліятэкі, спартыўнага комплексу “Вікторыя” ці сабраць карту Рэспублікі Беларусь. На першым этапе работай былі заняты ўсе ўдзельнікі – кожны з якіх павінен быў як мага хутчэй сабраць свой асабісты пазл. У другім выпрабаванні сапернічалі капітаны, а ў трэцім адну мазаіку сумеснымі намаганнямі сладалі ўсёй камандай.

Гледзячы на энтузіязм, які з першай хвіліны апанаваў удзельнікаў чэмпіянату, можна быць упэўненым – новая і цікавая ініцыятыва ім спадабалася. І вось, літаральна праз некалькі хвілін з незразумелай кучкі фрагментаў пачынаюць праступаць формы, знаёмыя рысы, аформленыя элементы прыгожага малюнка…

Першае месца сярод прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі атрымалі навучэнцы Кобрынскага каледжа будаўнікоў, а сярод школ – вучні САШ №8. Другое дасталося адпаведна камандзе Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання і гімназіі горада Кобрына, а трэцяе падзялілі навучэнцы Кобрынскага мастацкага каледжа і выхаванцы Кобрынскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху. Усе прызёры атрымалі дыпломы, а ўладальнікі першых месцаў і памятныя падарункі. А самую лепшую ўзнагароду – выдатны зарад добрага настрою – усе ўдзельнікі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *