Пашырым культурныя межы

Сумесны беларуска-польскі праект “Лепшыя калядныя традыцыі” працягвае сваю работу. Ужо ў другі раз СШ №1 г. Кобрына прымае ў сваіх сценах польскіх настаўнікаў і вучняў з Бельска-Падляскай пачатковай школы №3 з дадатковым вывучаннем беларускай мовы імя Яраслава Касціцэвіча.

Адкрыў сустрэчу дырэктар школы Аляксандр Хурсін, які адзначыў, што, нягледзячы на дзяржаўныя межы, культура Польшчы і Беларусі мае шмат агульнага. І такія сусмесныя мерапрыемствы дапамагаюць усебакова пазнаваць гісторыю сваёй краіны, умацоўваць сяброўства. На памяць аб сустрэчы Аляксандр Дзмітрыевіч падарыў гасцям дэкаратыўную талерку і пернікі з выявай школы.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Надзеі Шусціцкай і настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Наталлі Рагачук вучні падрыхтавалі тэатралізаваны паказ “Беларускія традыцыі”.

Пастаноўка атрымалася вельмі цікавай. На некаторы час усе перанясліся ў вясковую хату, дзе гаспадары згодна звычаям рыхтуюцца да Калядаў, гатуюць стравы, гадаюць на добры ўраджай, прымаюць каляднікоў.

Так, усе прысутныя змаглі дакрануцца да гісторыі продкаў, адчуць асалоду ад спеваў на роднай мове і навучыліся танцаваць, як гэта рабілі нашы бабулі і дзядулі.

– Гэта, несумненна, вялікая моўная практыка для маіх вучняў, – гаворыць настаўніца беларускай і рускай моў пачатковай школы №3 з дадатковым вывучэннем беларускай мовы імя Яраслава Касціцэвіча г. Бельска-Падляскага Марта Ігнатовіч. –  Мы акунуліся ў жывую крыніцу беларускай мовы , дзякуючы цудоўным дэкарацыям, касцюмам, песням і танцам яна ўспрынялася лёгка і жыва.

Пасля госці наведалі музей мастацкіх промыслаў у Кобрынскім політэхнічным каледжы, паўдзельнічалі ў квэст-экскурсіі па Кобрыне “Есць у кожнага горада свой узрост і голас”, пабывалі ў гандлёвым цэнтры “Палессе”.

Ксенія АЛІЗАР.

ФОТА аўтара.