Свая справа: як стаць прадпрымальнікам?

Пра асаблівасці рэгістрацыі і падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) распавядае  начальнік інспекцыі  Міністэрства па падатках і зборах Беларусі па Кобрынскім раёне Анатоль Хурсін.

— Анатоль Васільевіч, уявіце, прыйшоў да вас чалавек, які хоча адкрыць сваю справу, але не ведае як.­­­­ Што б вы яму прапанавалі?

— Перад тым, як вы захацелі  наладзіць сваю справу, варта падумаць, якую дзейнасць вы будзеце ажыццяўляць, якія сродкі маеце на гэта і г.д. Пасля гэтага выбіраць форму рэгістрацыі: індывідуальны прадпрымальнік альбо прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Тут важна памятаць, што, калі вы зарэгіструецеся ў якасці ІП, то на работу  зможаце ўзяць толькі блізкіх родзічаў. Пры гэтым плюсы ІП – не такая складаная бухгалтэрыя, як у ПУПаў. У плацельшчыкаў адзінага падатку ёсць магчымасць рэалізацыі тавараў, набытых на рынках Расійскай Федэрацыі без прыходных дакументаў, пры ўмове ўнясення іх у кнігу ўліку руху тавараў. Таксама яны маюць магчымасць плаціць падатак толькі за пэўныя дні з улікам паніжаючых каэфіцыентаў.

Калі ўсё ж ваш выбар — стаць індывідуальным прадпрымальнікам, то важна памятаць, што ў Кобрыне і раёне ўжо зарэгістравана 2223 ІП (фактычна кожны шаснаццаты індывідуальны прадпрымальнік вобласці працуе на Кобрыншчыне). Таму перад рэгістрацыяй неабходна дэталёва вывучыць рынак раёна, каб адэкватна ацаніць свае сілы.

— Наколькі хутка можна зарэгістравацца ў якасці ІП сёння?

— Рэгістрацыя ІП ажыццяўляецца вельмі проста – на працягу аднаго дня ў выканкаме. Для таго, каб атрымаць пасведчанне, патрэбна падаць заяву, фотакартку, а таксама квітанцыю аб аплаце. Дарэчы, каштуе гэта 17500 бел. руб.  Возьмем, напрыклад, рознічны гандаль — самы масавы від дзейнасці нашых ІП. Для таго, каб працаваць у гэтай сферы, ліцэнзія не патрэбна, акрамя рэалізацыі алкаголю і тытуню.  Таму калі ў вас у асартыменце няма вышэйназваных тавараў, то пасля рэгістрацыі адразу можаце прыступаць да работы. Праўда, калі вы будзеце рэалізоўваць тавар у гандлёвых аб’ектах, то перад гэтым яшчэ неабходна ўсё ж узгадненне асартыменту з занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і райвыканкамам.

—  Якія схемы падаткаабкладання існуюць для індывідуальных прадпрымальнікаў?

— Для падаткаабкладання ІП ёсць некалькі варыянтаў: спрошчаная сістэма падаткаабкладання, агульная сістэма падаткаабкладання і адзіны падатак.

Што такое “адзіны падатак”, думаю, зразумела.  Дык вось стаўкі адзінага падатку залежаць ад асартыменту рэалізуемай прадукцыі. Напрыклад, калі вы гандлюеце на рынку Кобрына адзеннем беларускай вытворчасці, то стаўка адзінага падатку для вас устаноўлена ў памеры 135000 рублёў. Для імпартнай прадукцыі дадаткова прымяняецца каэфіцыент 2 (г.зн. сума складае  270000 рублёў).

Ёсць віды дзейнасці, якія не падпадаюць пад адзіны падатак. Напрыклад, гандаль падакцызнымі таварамі (спіртныя напоі і тытунь), складана-бытавой тэхнікай, мэбляй, аўтазапчасткамі і інш.

Калі ў ІП ёсць усе дакументы на тавар, то ён можа быць не на адзіным падатку, а перайсці на агульную сістэму падаткаабкладання альбо на спрошчаны парадак падаткаабкладання.

—  І якія “бонусы” гэтых сістэм?

— На спрошчанай сістэме лепш тым, што падаткі плацяцца раз на квартал. Тры месяцы працуеш і толькі пасля гэтага  плаціш падатак.  Стаўкі падатку ў асноўнай масы кобрынскіх ІП, якія працуюць у рознічным гандлі – 15% ад валавога прыбытку. Валавы прыбытак у дадзеным выпадку – гэта розніца паміж цаной рэалізацыі і цаной пакупкі з улікам дастаўкі тавараў. Калі за 100 рублёў купіў, а за 130 прадаў, то падатак будзе брацца з гэтых 30 рублёў.

Што тычыцца агульнага парадку, то тут, у параўнанні са спрошчаным парадкам, прымаюцца пад увагу і іншыя выдаткі. Напрыклад, на транспарціроўку, на паслугі банка, зарплату працаўнікам, калі яны ёсць, і г.д. Усе выдаткі павінны быць дакументальна пацверджаны.  На агульным парадку падаткаабкладання ў цяперашні час плаціцца толькі падаходны падатак па стаўцы 15% ад чыстага падатку. Акрамя таго, пры адсутнасці асноўнага месца работы, ІП можа карыстацца адлічэннямі, прадугледжанымі для работнікаў з асноўным месцам работы.  На агульным парадку  менш прадпрымальнікаў, таму што больш папер трэба весці. На спрошчанай сістэме толькі адна кніжка. На адзіным падатку таксама не так складана, там вядзецца толькі ўлік выручкі і руху тавараў.

— Анатоль Васільевіч, якія самыя распаўсюджаныя парушэнні сярод ІП па ўплаце падаткаў?

— Самае асноўнае – неапрыходаванне выручкі.  Не выпісваюць адрыўныя талоны, не прабіваюць па касавым апараце. Штраф за гэта парушэнне – ад 20 да 50 базавых велічынь – мінімальна 700 тыс. рублёў.  Хочацца звярнуцца да пакупнікоў: карыстайцеся сваімі правамі – патрабуйце пры аплаце за тавар чэк ці адрыўны талон. Гэта дапаможа вам пры неабходнасці вярнуць ці абмяняць няякасны тавар.

Настасся ЗАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *